Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/56

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

нічымі адчуваннямі. Калі-ж розум прабудзіўся і ўбачыў гэты дзікі гвалтоўны прымус, Жан Вальжан у жаху адхіснуўся і з грудзей у яго вырваўся крык роспачы.

Дзіўнае і магчымае толькі ў тым становішчы, у якім ён знаходзіўся, дзеянне ўчыніў ён, украўшы гэтыя грошы ў дзіцяці. Ён зрабіў учынак, на які больш не быў здольны.

Як-бы там ні было, гэты апошні сумны ўчынак зрабіў на яго рашучае ўражанне. Ён рассеяў хаос, якім напоўнены былі яго мазгі, аддзяліў у адзін бок цемру, у другі святло і падзейнічаў на яго душу ў такім стане, у якім яна знаходзілася, як хімічны рэактыў на мутную сумесь, асаджваючы адзін элемент і вызваляючы другі.

Перш за ўсё, не даючы сабе часу ні падумаць, ні разабрацца, ён, як разгублены, шукаючы ратунку, кінуўся адшукваць хлопчыка. Калі-ж ён убачыў, што гэта бескарысна і немагчыма, то спыніўся ў роспачы. У тую хвіліну, як ён ускрыкнуў: „Я — нягоднік!“, ён убачыў сябе, якім ён быў у сапраўднасці, але ў той-жа час быў такі далёкі ад самога сябе, што яму здавалася, быццам перад ім увасобленая здань з мяса і з касцей, з кіем у руцэ, з мяшком, поўным пакрадзеных рэчаў, за спіной, з тварам рашучым і панурым, з гнуснымі думкамі ў галаве, агідны катаржнік Жан Вальжан.

Празмерныя пакуты зрабілі яго ў некаторым сэнсе ясна бачачым. То была нейкая здань. Ён сапраўды бачыў гэтага Жана Вальжана, што стаяў перад ім з панурым тварам.

Адну хвіліну ён гатовы быў нават запытаць, хто гэты чалавек; ён наводзіў на яго жах.

Мазгі яго знаходзіліся ў тым страшным, але ў той-жа час спакойным стане, калі займаючыя іх думкі настолькі глыбокія, што засланяюць сабою сапраўднасць. Не бачыш нічога з таго, што цябе акружае ў сапраўднасці, але ўсе вобразы, узнікаючыя ва ўзрушаных мазгах, стаяць перад табой, як жывыя.

Ён сузіраў сябе, так сказаць, твар да твару, і ў той-жа час праз гэтую галюцынацыю ён бачыў у таямнічай глыбіні нейкае святло, якоё палічыў спачатку за факел.

Угледзеўшыся больш пільна ў гэтае святло, што ўспыхнула ў глыбіні яго сумлення, ён пазнаў у ім чалавечы вобраз: гэты факел быў епіскап.

Яго сумленне сузірала, такім чынам, двух людзей, стаяўшых перад ім: епіскапа і Жана Вальжана. Патрэбна была веліч першага, каб знішчыць другога. Па своеасаблівасці галюцынацыі, уласцівай такога роду душэўным станам, па меры яе прадаўжэння епіскап усё вырастаў і рабіўся