Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/58

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

месца на лаўках, як царкоўны стараста, у сценах Сен-Жэрмен-дэ-Прэ[1], у адзенні пэра Францыі, з чырвонай істужкай цераз плячо, з сваім доўгім носам і з той асаблівай велічнай фізіяноміяй чалавека, які зрабіў слаўны подвіг. Слаўны подвіг графа Лінча быў наступны: калі ён быў мэрам горада Бардо, то 12 сакавіка 1814 года здаў гэты горад крыху раней, чым належала, герцагу Ангулемскаму[2]. За гэта ён атрымаў пэрства. У 1817 годзе мода кранулася нават чытырохгадовых і сямігадовых хлопчыкаў: іх прыбіралі ў аб'ёмістыя скураныя шапкі з навушнікамі, вельмі падобныя да шапак эскімосаў. Французскую армію абмундзіравалі ў белы колер, па ўзору аўстрыйскай; палкі называліся легіёнамі; іх абазначалі не лічбамі, а называлі па імю дэпартаментаў. Напалеон знаходзіўся на востраве св. Елены, і паколькі Англія адмаўляла яму ў зялёным сукне, то ён пераварочваў навыварат свае старыя мундзіры.

У Луўры[3] выскрабалі з сцен літару N. Аустэрліцкі мост перайменавалі ў мост Садоў, што прадстаўляла падвойную загадку, у якой хаваліся ў адзін і той-жа час і Аустэрліцкі мост і Батанічны сад. Французская акадэмія назначыла тэмай для конкурса: „Шчасце, якое даюць заняткі з навукай“. Вялікія газеты ператварыліся ў маленькія. Фармат быў абмежаваны, затое свабода была вялікая. У Акадэміі Навук засядаў славуты Фур'е[4], забыты патомствам, а, між тым, на якімсьці падстрэшшы жыў другі невядомы Фур'е, памяць аб якім астанецца назаўсёды[5].

На рацэ Сене пляскалася, пыхцела і дымілася якаясьці дзіўная штука, плаваючы ўзад і ўперад пад вокнамі Тюільрыйскага палаца; гэта была механічная цацка, нічога не вартая выдумка пустагаловага лятуценніка: параход[6].

  1. Сен-Жэрмен-дэ-Прэ — манастыр у Францыі, у якім была сканцэнтравана работа манахаў па выданню дакументаў Французскай гісторыі.
  2. Ангулемскі герцаг — сын графа д'Артуа, які ўступіў на прастол Францыі пасля Людовіка ХVIII пад іменем Карла Х. Разам з англійскім дэсантам корпуса ў дні контррэволюцыі 12 сакавіка 1814 года герцаг Ангулемскі ўвайшоў у Бардо без бою, прычым асаблівую стараннасць у здачы горада праявілі мясцовыя буржуа разам з мэрам.
  3. Луўр — Карцінная галерэя і музей сусветнага значэння.
  4. Фур'е (барон Жан Батыст Жозеф, 1768—1830) — удзельнік егіпецкай экспедыцыі, галоўны рэдактар вучоных прац гэтай экспедыцыі, фізік.
  5. Фур'е (Франсуа Мары Шарль, 1772—1837) — выдатны прадстаўнік французскага ўтапічнага соцыялізма. У сваіх кнігах узяў пад рэзкую крытыку капіталістычную сістэму і заклікаў да ўтварэння новага гарманічнага грамадства.
  6. Першы параход (1907 г.) быў вынайдзены амерыканцам Фультонам. Першыя французскія спробы парахода па рацэ Сене былі забракаваны Напалеонам.