Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/55

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

паставіў гордасць, якая існуе ў нас, як крэпасць зла. Ён невыразна адчуваў, што ў гэтых словах пастыра — самы страшны напад, які яму хоць калі даводзілася вытрымліваць, што яго ачарственне будзе безнадзейным, калі ён не ўспрацівіцца гэтай літасці; калі ён падасца ёй, то павінен будзе адмовіцца ад той нянавісці, народжанай у ім учынкамі супроць яго іншых людзей, якую ён выпеставаў на працягу столькіх год у сваёй душы і якая яму так падабалася; што на гэты раз патрэбна або перамагчы, або быць пераможаным і што барацьба, барацьба страшная і рашучая, адбываецца ў ім паміж яго смяртэльнай нянавісцю да людзей і бязмежнай дабратой гэтага чалавека.

Усе гэтыя праменні ўнутранага святла ап'янялі яго. Рухаючыся наперад, са збянтэжаным позіркам, ці ўяўляў ён сабе ясна вынікі, якія маглі быць пасля здарэння з ім у Дыні? Ці чуў ён таямнічы шорах, які папярэджвае і перасцерагае душу ў некаторыя моманты жыцця? Ці шаптаў яму які-небудзь голас, што ён перажывае рашучую гадзіну ў сваім лёсе і што для яго няма больш сярэдзіны; што калі ён з гэтага часу не зробіцца лепшым з людзей, то ён зробіцца самым горшым з іх; што трэба ўзняцца цяпер, так сказаць, вышэй за епіскапа або пасці ніжэй за катаржніка; што калі ён хоча зрабіцца добрым, то павінен стаць анёлам; што калі хоча застацца злым, то павінен зрабіцца страшыдлам?

Сустрэча з епіскапам пасля выхаду з агіднай і хмурай турмы зрабіла на яго такое-ж самае дзеянне, як яркае святло на вочы, якія прывыклі да цемры. Будучае жыццё, жыццё магчымае, якое з гэтага моманту разгортвалася перад ім, поўнае чыстаты і дакорнасці, поўніла яго сэрца трапятаннем і душэўным непакоем. Ён не ведаў больш, дзе ён. Як сава, раптоўна засцігнутая ўзыходзячым сонцам, так гэты катаржнік быў аслеплены і атуманены відам добрадзейнасці.

Але што было верна, у чым ён ні на хвіліну не сумняваўся, дык гэта ў тым, што ён не быў больш ранейшым чалавекам, што ўсё ў ім змянілася і што не ў яго волі было скасаваць словы епіскапа і сцерці створанае імі ўражанне.

У такім настроі ён спаткаў маленькага саваяра і ўкраў у яго сорак су. Навошта? Па сутнасці, ён не мог-бы гэтага растлумачыць. Ці то была апошняя спроба зла, вынесенага ім з астрога і жадаючага змагацца супроць дабра ў што-б там ні было? Магчыма. Скажам проста: гэта не ён украў грошы, той, хто зрабіў гэта, быў не чалавек, гэта быў звер, які інстынктыўна і па прывычцы спакойна паставіў нагу на манету, у той час як розум быў ахоплены новымі, таям-