Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/54

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Яго завуць Пты-Жэрве.

— Я нікога не спаткаў па дарозе.

Жан Вальжан выхапіў з свайго кашалька дзве манеты па пяць франкаў і, аддаўшы іх папу, сказаў:

— Для вашых бедных, бацюшка. Ведаеце, такі маленькі хлопчык, год дзесяці, з суслікам і валынкай. Ён прайшоў тут. Саваяр, ведаеце?

— Я не бачыў яго.

— Пты-Жэрве. Ці з гэтай ён вёскі, не ведаеце?

— Па вашых словах, друг мой, гэта іншаземец. Яны часам праходзяць праз нашы месцы, але іх ніхто не ведае.

Жан Вальжан адным махам выхапіў з кішэні яшчэ дзесяць франкаў і зноў даў іх папу.

— Для вашых бедных, — сказаў ён.

Потым у замяшанні дадаў:

— Бацюшка, загадайце мяне арыштаваць. Я — злодзей.

Поп сцебануў каня і ўцёк у жаху.

Жан Вальжан пабег у ранейшым напрамку.

Ён прабег такім чынам вялікую адлегласць, азіраючыся, клічачы, крычачы, але нікога не сустрэў. Два ці тры разы ён накіроўваўся да якога-небудзь прадмета, які здаваўся яму жывой істотай, але то аказваўся або куст, або камень, зарослы мохам. Нарэшце, у адным месцы, дзе сходзіліся тры дарожкі, ён спыніўся. Узышоў месяц. Ён яшчэ раз азірнуўся навакол і ў апошні раз закрычаў:

— Пты-Жэрве, Пты-Жэрве, Пты-Жэрве!

Крык яго замёр у тумане, не даўшы нават водгулля. Ён яшчэ раз прамармытаў:

— Пты-Жэрве! — але слабым, амаль бязгучным голасам. Гэта былі яго апошнія намаганні. Ногі неяк раптам падкасіліся пад ім, нібы іх зламаў страшэнны пяжар яго нячыстага сумлення. Знясілены, упаў ён на вялікі камёнь, і схапіўшыся рукамі за галаву, схіліўшы твар да каленяў, крыкнуў:

— Я — нягоднік!

Тады сэрца яго растала, і ён пачаў плакаць. Гэта было ў першы раз пасля дзевятнаццаці год.

Калі Жан Вальжан вышаў ад епіскапа, ён быў далёк ад усяго, што рабілася з ім зараз. Ён не мог вытлумачыць сабе, што адбылася ўнутры яго. Ён супраціўляўся велікадушным учынкам і ласкавым словам епіскапа. „Вы абяцалі мне зрабіцца сумленым чалавекам. Я купляю вашу душу. Я адбіраю яе ў злога духа і аддаю богу". Гэтыя словы безупынна ўзгараліся ў яго мазгах. І ім ён проці-