Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/539

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

загубіць яго — вы яго праславілі. Вы злодзей! Вы забойца! Я вас бачыў, Тэнард’е-Жандрэт, у мансардзе бульвара Опіталь. Я даволі ведаю для таго, каб адправіць вас у астрог і нават далей, калі-б я захацеў гэтага. Вось вам, вазьміце тысячу франкаў, падлюга вы такі! — І ён кінуў яму банкавы білет. — А, Жандрэт-Тэнард’е, агідны машэннік! Няхай паслужыць вам гэта ўрокам, прайдзісвет, нягоднік. Бярыце пяцьсот франкаў і вон адсюль! Вас выратавала Ватэрлоа.

— Ватэрлоа?.. — прамармытаў Тэнард’е, хаваючы грошы ў кішэню.

— Так, забойца! Вы выратавалі там жыццё аднаму палкоўніку.

— Генералу, — сказаў Тэнард’е, узнімаючы галаву.

— Палкоўніку, гавару вам! — ускрыкнуў Марыус гнеўна. — А сюды вы прышлі рабіць агіднасці! Убірайцеся, знікайце адсюль! Будзьце шчаслівы — вось адзінае, чаго я вам жадаю. О, страшыдла! Вось вам яшчэ тры тысячы франкаў, і заўтра-ж выязджайце ў Амерыку з вашай дачкой, таму што жонка ваша памерла, агідны ілгун! Я прасачу за тым, каб вы выехалі, і ў апошнюю хвіліну дам вам двадцаць тысяч франкаў. Ступайце, няхай вас павесяць у іншым месцы.

— Пан барон, — адказаў Тэнард’е, кланяючыся да зямлі, — я вам удзячны навекі.

І ён вышаў, ашаломлены, нічога не разумеючы ва ўсім, што здарылася, пад салодкім цяжарам золата і навальніцы, якая разразілася над яго галавой у выглядзе банкавых білетаў.

Як толькі ён пайшоў, Марыус кінуўся ў сад, дзе яшчэ гуляла Казета.

— Казета, Казета! — крычаў ён. — Хадзі, хадзі хутчэй!.. Паедзем. Карэту сюды! Казета, хадзі-ж, божа мой!.. Не будзем марудзіць, апранайся!

Казета падумала, што ён звар’яцеў, і скарылася.

— Ах, Казета, я няшчасны! — гаварыў ён.

Марыус быў, як звар’яцелы. У асобе Жана Вальжана рысаваўся перад ім велічны, пахмуры вобраз. Нечуваная дабрадзейнасць з’яўлялася яму, дзівосная, ціхамірная ў сваёй велічы. Катаржнік ператварыўся ў святога. Марыус быў аслеплены гэтым ператварэннем. Ён не мог ясна ўявіць сабе, што ён бачыў перад сабой, але гэта было нешта вялікае.

Праз хвіліну прывялі рамізніка, і Марыус і Казета ўскочылі ў экіпаж.

— На вуліцу Ом Армэ, нумар сем! — закрычаў Марыус.

— Ах, якое шчасце! — ускрыкнула Казета. — Я не адважвалася прасіць цябе. Мы едзем да пана Жана.