Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/540

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Да твайго бацькі, Казета, да бацькі больш, чым калі-небудзь. Цяпер я ўсё разумею! Ты, Казета, не атрымала пісьма, якое я паслаў табе з Гаўрошам. Яно трапіла ў яго рукі. І ён адправіўся на барыкаду ратаваць мяне. І таму, што быць ангелам для ўсіх — яго патрэба, то ён выратаваў і Жавера. Ён выцягнуў мяне з гэтай прорвы, каб аддаць мяне табе. Ён пранёс мяне праз страшэнную клааку. О, я — няўдзячнае страшыдла! Уяві сабе, ён сто разоў мог утапіцца ў гразі! Я быў у непрытомнасці, нічога не бачыў і не чуў, не мог ведаць сваёй уласнай прыгоды. Мы яго возьмем да сябе, ці хоча ён, ці не хоча, і не разлучымся з ім больш ніколі. Толькі-б застаць яго дома. Усё астатняе жыццё я прысвячу яму. Напэўна, гэта так і было, Казета: Гаўрош яму перадаў маё пісьмо. Усё ясна. Разумееш?

Казета нічога не разумела.

— Твая праўда, — сказала яна.

Фіякр, між тым, пасоўваўся наперад.

LIV

ЦЕМРА НАРАДЖАЕ ЗАРУ

Пачуўшы стук у дзверы, Жан Вальжан абярнуўся.

— Заходзьце, — адказаў ён слабым голасам.

Дзверы адчыніліся. Казета і Марыус паказаліся на парозе. Казета ўвайшла ў пакой. Марыус спыніўся ў дзвярах, прыхіліўшыся да вушака.

— Казета! — сказаў Жан Вальжан.

І ён выпрастаўся на сваім крэсле і, працягнуўшы наперад рукі, задрыжэў, змярцвеў, і ў вачах у яго засвяцілася бясконцая радасць.

Казета, задыхаючыся ад хвалявання, упала яму на грудзі.

— Бацька! — ускрыкнула яна.

Жан Вальжан лепятаў:

— Казета! Яна... вы... сударыня, гэта ты! О, божа мой! — І, сціснуўшы яе ў абдымках, ускрыкнуў: — Гэта ты! Ты тут! Дык ты мне даруеш?

Марыус апусціў вочы, каб утрымаць выступіўшыя слёзы, і прамармытаў, канвульсіўна скрывіўшы губы, гатовы разрыдацца:

— Бацька мой!

— І вы таксама даруеце мне? — сказаў Жан Вальжан. — Дзякую вам!

Казета скінула з сябе шаль і капялюш і села яму на