Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/538

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

што ён нёс на спіне, быў труп. Забойства відавочнае. Што датычыць зладзейства, то яно вынікае само сабой; не забіваюць-жа чалавека так сабе, абы забіць. Гэты катаржнік ішоў кінуць труп у раку. Трэба заўважыць, што, перш чым дайсці да выходнай рашоткі, забойца павінен быў прайсці праз страшную багну, дзе лёгка мог-бы кінуць труп. Але тады на другі дзень чысцільшчыкі маглі-б выкрыць злачынства. Гэтага, відавочна, не хацелася катаржніку. Ён рашыў цаною нечалавечых намаганняў прабрацца праз балота, і я нават да гэтага часу не магу зразумець, як удалося яму выбрацца адтуль жывым.

Марыус прысунуўся яшчэ бліжэй. Тэнард’е перадыхнуў і гаварыў далей:

— Жыхар клаакі і забойца спаткаліся, на вялікі жаль абодвух, і прывіталіся. Катаржнік, які меў страшэнную сілу, сказаў: „У цябе ёсць ключ, адамкні рашотку“. Адмовіцца не было магчымасці, але жыхар уступіў у перагаворы ўласна дзеля таго, каб выйграць час. У той-жа час ён уважліва разглядаў твар мёртвага. Гэта быў малады чалавек, толькі што, напэўна, забіты, але рысы якога пад пластом крыві і пылу нельга было разглядзець; ён быў добра апранут і меў выгляд багатага. Гутарачы, уладар ключа знайшоў магчымасць ададраць кавалак ад сурдута забітага і схаваць у кішэню гэты рэчавы доказ. Потым адамкнуў рашотку і выпусціў забойцу і яго афяру, сам-жа хутчэй пайшоў, не жадаючы бачыць, як труп будзе кінуты ў ваду. Той, хто нёс труп, быў Жан Вальжан; уладар ключа ў гэтую хвіліну перад вамі; а кавалак адзенння... — і Тэнард’е выхапіў з кішэні і паказаў Марыусу кавалак чорнага сукна, пакрытага цьмянымі плямамі.

Марыус, бледны, ледзь дыхаючы, з вачыма, накіраванымі на гэты кавалак сукна, не гаворачы ні слова, устаў з крэсла і падышоў да шафы. Потым адчыніў дзверку і, усё не зводзячы вачэй з шматка, выхапіў стары чорны сурдут і кінуў яго на падлогу.

— Забіты малады чалавек, — ускрыкнуў ён, — я! А вось і адзенне! — І, вырваўшы шматок з рук Тэнард’е, прыклаў да ададранай палы. Ён прышоўся якраз да месца.

Тэнард’е аслупянеў.

„Ну, папаўся“, — падумаў ён.

Марыус узняўся, увесь дрыжачы, у роспачы і ззяючы. Ён пачаў капацца ў кішэні, з ярасцю падбег на Тэнард’е і, пагражаючы яму ў твар кулакамі, поўнымі банкавых білетаў, закрычаў, як звар’яцелы.

— Вы нягоднік! Вы ілгун! Вы паклёпнік, машэннік! Вы прышлі абвінаваціць чалавека — вы яго апраўдалі. Вы хацелі