Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/537

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

папяровы пакет і, пакапаўшыся ў ім, выняў з яго дзве складзеныя і пажаўцелыя ад часу газеты. Адна з іх была зусім падраная. Тэнард’е падаў абедзве газеты Марыусу.

Першая прадстаўляла сабой стары нумар газеты „Белы сцяг“ ад 25 ліпеня 1823 года, у якой устанаўлівалася адзінства асобы Мадлена і Жана Вальжана; у другой расказвалася аб дзіўным самагубстве Жавера, пасля таго як яму дапамог уцячы з барыкады адзін з інсургентаў, які, замест таго, каб стрэліць яму ў галаву, стрэліў у паветра.

— У такім выпадку, гэта незвычайны чалавек! — ускрыкнуў Марыус, прачытаўшы абодва паведамленні. Жан Вальжан раптам вышаў з цемры і вырас на вачах Марыуса. — Усё гэта багацце бясспрэчна належыць яму, — сказаў ён. — Гэта Мадлен — дабрадзей усёй краіны. Гэта Жан Вальжан — выратавальнік Жавера. Гэта герой, гэта святы!

— Гэта не святы і не герой, — сказаў Тэнард’е. — Гэта забойца і злодзей. Супакойцеся.

Словы „злодзей і забойца“ падзейнічалі на Марыуса, як халодны душ.

— Яшчэ! — сказаў ён.

— Так, — адказаў Тэнард’е. — Жан Вальжан не абкраў Мадлена, але ён — злодзей. Ён не забіў Жавера, але ён — забойца.

— Ці не гаворыце вы аб гэтым няшчасным зладзействе, зробленым сорак год назад, адкупленым ужо жыццём, поўным раскаяння і дабрадзейнасці?

— Не, я гавару аб падзеях нядаўніх і нікому яшчэ не вядомых. Гэты сакрэт каштуе грошай. Справа вось у чым: 6 чэрвеня 1832 года, прыблізна каля года назад, у дзень вулічных непарадкаў адзін чалавек знаходзіўся ў падземнай галярэі Вялікай клаакі, з таго боку, дзе яна ўліваецца ў Сену.

Марыус раптам прысунуў сваё крэсла бліжэй да Тэнард’е. Той заўважыў гэты рух і пачаў гаварыць, паволі расцягваючы словы:

— Чалавек гэты па розных меркаваннях, чужы, між іншым, для палітыкі, павінен быў хавацца. Гэта было, паўтараю, 6 чэрвеня, гадзін каля васьмі вечара. Раптам ён пачуў нейкі шум у галярэі. Вельмі здзіўлены, ён прытаіўся і пачаў чакаць. Гэта быў шум крокаў: хтосьці ішоў упоцемках і накіроўваўся ў яго бок. Дзіўная справа — у клаацы быў яшчэ нехта. Выходная рашотка была недалёка, і з дапамогаю слабага святла, якое праходзіла праз яе, той хто схаваўся, разглядзеў нейкага чалавека, які ішоў, сагнуўшыся, несучы штосьці на спіне. Гэта быў катаржнік; тое,