Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/518

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

заў вам і астаўся па ранейшаму панам Фашлеванам. Я зрабіўся членам вашай сям’і, пасяліўся ў сваім пакоі, абедаю за вашым сталом; увечары адпраўляюся з вамі ў тэатр або на прагулку, і раптам у адну цудоўную раніцу, у той час як мы весела і спакойна гутарым, вы чуеце выкрык: „Жан Вальжан!“ І страшныя рукі паліцыі, узнікаючыя з цемры, раптам зрываюць з мяне маску!

Ён змоўк. Марыус узняўся, увесь дрыжачы.

Жан Вальжан прадаўжаў:

— Шо вы скажаце на гэта?

Маўчанне Марыуса было адказам,

— Бачыце, я добра зрабіў, што не хацеў маўчаць, — сказаў Жан Вальжан. — Такім чынам, будзьце шчаслівы, любіце адзін аднаго, няхай ззяе вечна над вамі сонца, і не турбуйцеся аб тым, як зрабіў нейкі няшчасны для таго, каб раскрыць перад вамі душу і выканаць свой абавязак. Вы бачыце перад сабою адвержанага, судар.

Марыус прайшоўся па пакою і, падышоўшы да Жана Вальжана, працягнуў яму руку. Але ён павінен быў сілай узяць руку няшчаснага, і яму здалося, што ён сціскае руку статуі.

— У майго дзеда ёсць знаёмства, — сказаў ён, — я выклапачу вам памілаванне.

— Гэта бескарысна, — адказваў Жан Вальжан. — Усе думаюць, што я памёр, і гэтага для мяне зусім даволі. Мёртвыя не знаходзяцца пад наглядам. Іх пакідаюць гніць спакойна. Смерць — тое-ж памілаванне.

І, вызваліўшыся з рук Марыуса, ён казаў далей з непахіснай гордасцю.

— Апрача таго, выкананне абавязка — вось друг, да якога я звяртаюся. Мне неабходна толькі памілаванне майго сумлення.

У гэтую хвіліну ў другім канцы пакоя ў поўраскрытых дзвярах паказалася галоўка Казеты. Яна была чароўна растрапаная, і вочы яшчэ не зусім расплюшчыліся ад сну.

Яна зірнула на мужа, потым на Жана Вальжана і закрычала ім з чароўнай усмешкай:

— Аб заклад б’юся, што вы гаворыце аб палітыцы. Як гэта неразумна, лепш-бы прыйсці да мяне!

Жан Вальжан уздрыгануўся.

— Казета! — ускрыкнуў Марыус.

Ён спыніўся. Абодва выглядалі нібы вінаватыя.

Казета, вясёлая, усё глядзела на іх. У вачах у яе свяцілася шчасце.

— Я вас злавіла на месцы злачынства, — прадаўжала яна. — Я праз дзверы чула, як бацька сказаў: „Сумленне,