Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/517

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

мець павагу інакш, як толькі крадучы яе, то гэтая павага ўнутрана мяне прыніжае і абцяжарвае, і для таго, каб я сам сябе паважаў, мне патрэбна, каб мною пагарджалі. Схіляючыся пад цяжарам чужой пагарды, я выпростваюся ва ўласных вачах. Я — катаржнік, які падпарадкуецца свайму сумленню. Я добра разумею, што гэта бяссэнсіца. Але што рабіць? Гэта так. Я прыняў абавязацельствы перад самім сабою і выконваю іх. Як бачыце, пан Панмерсі, я шмат перажыў у сваім жыцці.

Жан Вальжан змоўк, цяжка ўздыхнуў і зноў пачаў:

— Калі носіш у сабе такі жах, то не маеш права дзяліць яго з іншымі, навязваць яго, без ведама, блізкім, не маеш права заражаць іх чумой і цягнуць з сабой у бяздонне, узграмаздзіўшы сваё гора на іх шчасце. Набліжацца спадцішка да здаровых і датыкацца да іх сваімі язвамі — гэта агідна. Фашлеван мог даць мне сваё імя, але я не не павівен быў браць яго. Імя — гэта другое я. Бачыце, я крыху думаў, крыху чытаў; хоць я і селянін, але, як бачыце, выражаюся даволі прыстойна. Я ўсё добра разумею. Дык вось, украсці імя і схавацца пад ім — гэта не сумленна. Літары азбукі можна таксама ўкрасці, як кашалёк ці гадзіннік. Увасабляць сабою фальшывы подпіс, падроблены ключ, ашуканствам уціснуцца да сумленных людзей, ніколі не глядзець нікому проста ў вочы, хітрыць, быць подлым у душы — не, не! Лепш пакутваць, сцякаць крывёю, плакаць, раздзіраць сабе пазногцямі цела, праводзіць ночы ў мучэннях. Вось чаму я прышоў і расказаў вам усё. Вось вам і тлумачэнне прычыны, аб якой вы пыталі.

Ён цяжка ўздыхнуў і дадаў апошняе слова:

— Каб жыць, я калісьці ўкраў хлеб. Цяпер-жа, каб жыць, я не хачу красці імя.

— Каб жыць! — перарваў яго Марыус. — Вам не трэба гэтага імя, каб жыць.

— О, я разумею сябе, — адказаў Жан Вальжан, паволі пакруціўшы некалькі разоў галавой.

Запанавала маўчанне. Кожны быў паглыблены ў свае думкі. Марыус сядзеў ля стала, узлакаціўшыся на рукі. Жан Вальжан хадзіў узад і ўперад па пакою. Ён на мінуту спыніўся перад люстрам і, нібы адказваючы на ўнутранае пытанне, сказаў:

— Затое цяпер я адчуваю вялікае палягчэнне.

І ён зноў пачаў хадзіць узад і ўперад. У тую хвіліну, як ён абярнуўся, ён убачыў, што Марыус глядзіць на яго паходку. Тады ён сказаў з невытлумачальным выразам:

— Я крыху цягну нагу. Вы разумееце цяпер, чаму? — Потым дадаў: — І вось, уявіце сабе, што я нічога не раска-