Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/516

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ні слова, увёў-бы катаргу ў ваш дом, сядзеў-бы за адным сталом з вамі з думкаю, што калі-б вы ведалі праўду, то выгналі-б мяне, што вашы слугі, калі-б яны ведалі, хто я, ускрыкнулі-б: „Які жах!“ Я паціскаў-бы вам руку, між тым як вы маеце права пагарджаць мною. Я жыў-бы з вамі разам з вечнаю думкай пра тое, каб як-небудзь не адкрылася крышка маёй страшнай студні. І я, мёртвы, уцёрся-б да вас, да жывых! Хіба вы не ўздрыгваецеся пры адной думцы аб гэтым? І кожны дзень я рабіў-бы злачынства. Кожны дзень я-б ізноў ілгаў-бы. І кожны дзень я перадаваў-бы вам пра долю сваёй ганьбы, вам, маім дарагім, любімым дзецям, такім чыстым і нявінным. Маўчаць, і нічога больш? Не, гэта зусім не так лёгка. Ёсць маўчанне, якое ілжэ. І маю ману, маё ашуканства, маю подласць і здраду, — я піў-бы іх кроплю за кропляй, я жыў-бы ў іх, глытаў-бы разам з хлебам і глядзеў-бы ў вочы Казеты, адказваў-бы на яе ангельскую ўсмешку ўсмешкай праклятага і быў-бы страшэнным злодзеем. Для чаго? Каб быць шчаслівым. Я — шчаслівы! Хіба я маю на гэта права? Я выкінуты з жыцця, міласцівы гасудар.

Жан Вальжан змоўк. Марыус слухаў. Такое счапленне думак і гора не можа быць перарвана. Жан Вальжан зноў сцішыў голас, але цяпер ён гучаў ужо не глуха, а злавесна.

— Вы запытваеце, навошта я кажу гэта, калі на мяне ніхто не даносіць, ніхто не праследуе і не цкуе? Няпраўда, на мяне данеслі, мяне праследуюць, мяне цкуюць. Хто? Я сам. Я сам загароджваю сабе ўсе выхады, цягну сябе на расправу, штурхаю, арыштоўваю і караю сябе. І калі сам сябе схопіш такім чынам, то трымаеш моцна.

І, схапіўшы рукой каўнер свайго адзення, ён казаў далей:

— Вось бачыце, гэты кулак, — ён трымае моцна. Ну, а сумленне яшчэ мацнейшае за гэты кулак. Бачыце, каб быць шчаслівым, трэба не ведаць, што такое абавязак. Але раз вы яго пазналі, — ён няўмольны. Ён нібы карае вас за тое, што вы яго зразумелі, але ён і ўзнагароджвае вас, таму што вы раздзіраеце сабе нутро, але знаходзіце спакой ў самім сабе.

І з пакутлівым выразам ён дадаў:

— Пан Панмерсі, у гэтым няма здаровага сэнсу, але я — сумленны чалавек. Упаўшы ў вашых вачах, я ўзвысіўся ў сваіх уласных. Гэта ўжо было адзін раз са мной, але тады гэта не было так цяжка. Так, я — сумленны чалавек. Я не быў-бы ім, калі-б вы, як і раней, паважалі мяне. Цяпер-жа, калі вы мною пагарджаеце, я сумленны. На мне ляжыць страшны праклён: паколькі я не маю магчымасці