Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/511

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

святыню. Перад ім у думках пранёсся з усімі падрабязнасцямі дзень, калі яны вышлі з Манфермейля. У той-жа час ён асцярожна і старанна раскладваў на пасцелі ўсе часткі яе туалету. Яна несла тады на руках сваю вялізную ляльку і ўсміхалася яму сваёю чыстай дзіцячай усмешкай.

Пры гэтых успамінах яго беласнежная галава ўпала на ложак; гэтае цвёрдае старое сэрца надламілася, твар закапаўся ў сукенку Казеты, і калі-б хто-небудзь прайшоў каля яго дзвярэй у гэтую хвіліну, то пачуў-бы раздзіраючыя душу рыданні.

Старыя душэўныя мучэнні аднавіліся. Але ў гэтую ноч Жан Вальжан адчуваў, што вытрымлівае сваю апошнюю барацьбу.

Шчасце Казеты і Марыуса — справа яго рук. Як цяпер зрабіць яму, Жану Вальжану? Ці будзе ён шукаць долю ў гэтым шчасці? Ці будзе ён глядзець на яго, як на нешта яму належачае? Ці па-ранейшаму ён будзе лічыцца бацькам Казеты, усімі паважаным, хоць ледзь прыкметным? Ці мае ён права з тым мінулым, што было ў яго, з’явіцца туды заняць месца ля іх светлага ачага? Ці будзе ён як і раней маўчаць і ці салье сваё няшчасце з іх шчасцем? І ногі яго, якія цягнулі ганебныя ланцугі, ці будуць ступаць па падлозе жыльнарманаўскага дома?

Ён глядзеў проста на гэтыя няўмольныя пытанні, якія падступалі да яго з усіх бакоў.

Казета, гэта чароўнае стварэнне, была яго паратункам. Што рабіць? Ці ўчапіцца за яго, ці выпусціць з рук?

Калі ён учэпіцца, то вырвецца з бяздоння, выйдзе на сонца, і з адзення яго сцячэ горкая вада — ён будзе выратаваны і астанецца жыць.

Калі ён выпусціць гэты паратунак з рук, то яго чакае пагібель.

Так змагаўся ён з сваімі цяжкімі думкамі. Шчасце яшчэ, што ён мог плакаць. Гэта прасвятліла яго. У яго душы бушавала бура яшчэ мацнейшая за тую, якая калісьці пацягнула яго ў Арас. Ён параўноўваў мінулае з цяперашнім і рыдаў бясконца. Нарэшце, ён упаў у спакой знямогі.

Ён узважыў, абмеркаваў і разгледзеў таямнічае ваганне святла і цемры.

Навязаць сваю ганьбу гэтым дзецям ці самому скарыцца перад няўхільнай пагібеллю? Якое рашэнне выбраць?

Яго цяжкое раздум’е цягнулася ўсю ноч. Сагнуўшыся, сядзеў ён пад цяжарам свайго лёсу, раздушаны ім, магчыма. Цэлых дванаццаць гадзін прасядзеў ён не рухаючыся, на адным месцы, не падымаючы галавы і не вымавіўшы ніводнага слова. Бачачы яго такім, можна было падумаць, што