Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/512

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

гэта мёртвы. Але хвілінамі ён канвульсіўна ўздрыгваўся, і губы, прыціснутыя да сукенкі Казеты, цалавалі яе. Тады толькі відаць было, што ён жывы.

На другі дзень, пасля паўдня, у дзверы дома пана Жыльнармана хтосьці пастукаўся. Слуга адпёр і ўбачыў уваходзячага пана Фашлевана. Ён увёў яго ў гасціную і сказаў:

— Мы сёння позна ўсталі, судар. Як ваша рука?

— Непараўнальна лёпш. Ці ўстаў ваш пан?

— Які? Стары ці новы?

— Пан Панмерсі.

— Я зараз пагляджу і дакладу, што вы жадаеце яго бачыць.

— Не. Не гаварыце, што гэта я. Не называйце маё імя. Скажыце проста, што прышоў нейкі пан. Я хачу зрабіць яму сюрпрыз.

— А! — вымавіў лакей і пайшоў.

Жан Вальжан астаўся адзін. Прайшло некалькі хвілін, ён, як і раней, стаяў нерухома на тым месцы, дзе пакінуў яго слуга. Ён быў вельмі бледны. Вочы ўваліліся ад бяссоннай ночы і амаль зніклі пад навіслымі брывямі. На чорным сурдуце ўтварыліся складкі: відавочна, ён не знімаў яго ўсю ноч. Жан Вальжан, апусціўшы галаву, глядзеў на адбітак акна, які праменні сонца рысавалі ля яго ног.

Шум дзвярэй, якія адчыняліся, прымусіў яго ўзняць вочы.

Увайшоў Марыус з высока ўзнятай галавой, усміхаючнся і з нейкім невытлумачальным ззяннем на твары.

— Гэта вы, бацька! — ускрыкнуў ён, убачыўшы Жана Вальжана. — А гэты бесталковы раптам паведаміў мне такім таямнічым выглядам, што хтосьці прышоў. Як вы рана сёння! Казета спіць яшчэ.

Гэтае слова „бацька“ з вуснаў Марыуса, які адносіўся так холадна да Жана Вальжана, выражала ўсю глыбіню шчасця, што перажываў цяпер малады чалавек. Пан Фашлеван зрабіўся для яго бацькам, таксама як і для Казеты.

— Як я задаволены, што бачу вас! — прадаўжаў ён, і словы паліліся ў яго нястрыманым патокам.

— Мы ўчора з Казетай так многа пра вас гаварылі. Яна вельмі вас любіць. Вы, вядома, не забылі, што вам у нас падрыхтаваны пакой. Мы і слухаць больш не хочам пра вуліцу Ом Армэ. Як маглі вы жыць у гэтай трушчобе? Вы сёння-ж пераедзеце да нас. Убачыце, як прыбрала Казета ваш пакой! Ён побач з нашым і выходзіць вокнамі ў сад. Там будуць усе вашы любімыя рэчы і кнігі. Ведаеце, вы зусім скарылі майго дзеда. Ён у захапленні ад вас