Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/510

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

радасць ад гэтага замяшчэння, і Казета, спачатку засмучоная адсутнасцю Жана Вальжана, пад канец суцешылася. Праз пяць хвілін усе зноў весяліліся, зусім забыўшы пра гэтае маленькае здарэнне.

Вечар прашоў шумна і весела, чаму галоўным чынам спрыяла адушаўленне дзеда.

Крыху пазней за поўнач усе разышліся, і ў доме пана Жыльнармана настала поўная цішыня.

LI

АПОШНЯЯ КРОПЛЯ Ў ЧАШЫ ПАКУТ

Што рабіў у гэты час Жан Вальжан?

Адразу-ж пасля таго, як Казета прымусіла яго рассмяяцца, Жан Вальжан убачыў, што ніхто не звяртае на яго ўвагі, устаў і непрыкметна прайшоў у пярэднюю. Гэта быў той самы пакой, куды восем месяцаў таму назад ён, увесь у гразі, у крыві і прапахлы парахавым дымам, уступіў у першы раз, прывёзшы ледзь жывога Марыуса яго дзеду. Жан Вальжан, убачыўшы слугу, паклікаў яго і, паказваючы на хворую руку, прасіў перадаць пану Жыльнарману, што ідзе дадому. І вышаў.

На вуліцы ён на хвіліну спыніўся пад асветленымі вокнамі дома і прыслухаўся. Невыразны шум галасоў даносіўся да яго; яму здавалася, што сярод іх ён адрознівае ласкавы і вясёлы галасок Казеты.

Ён накіраваўся да свёй кватэры. Увайшоўшы да сябе, ён запаліў свечку. Пакоі былі пустыя; нават Тусен не было; яна перайшла ва ўслужэнне да Казеты. Крокі Жана Вальжана неяк асабліва глуха раздаваліся ў асірацелых пакоях. Усе шафы былі расчыненыя і пустыя. Ён увайшоў у пакой Казеты. Пасцель была без просцін. Усе бязделкі, якімі даражыла маладая дзяўчына, яна забрала з сабою: асталася толькі мэбля і голыя сцены.

Жан Вальжан зачыніў шафу, агледзеў пакой, увайшоў да сябе і паставіў свечку на стол.

Ён развязаў руку і дзейнічаў ёю зусім вольна, нібы яна ніколькі не балела.

Ён падышоў да свайго ложка, і вочы яго мімаволі спыніліся на невялікай скрынцы, з якой ён ніколі не разлучаўся. Ён адпёр яе невялікім ключыкам, які насіў заўсёды пры сабе, і выняў адтуль жалобную сукеначку Казеты, у якую яна была апранута ў дзень выхаду з Манфермейля дзесяць год таму назад. Тут было ўсё адзенне Казеты, якое яна зняла ў манастыры і якое Жан Вальжан захоўваў з таго часу,як