Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/509

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

абодва былі чыстыя, як ліліі. Усе перажытыя пакуты перайшлі ў радасць. Усё мінулае патанула ў дзівосным цяперашнім. Былое гора акружала арэолам іх шчасце.

Маладыя вярнуліся дадому, і Марыус поруч з Казетай, поўны ўрачыстай радасці, узышоў па той самай лесніцы, па якой поўгода таму назад яго ўсцягнулі паміраючым. Усюды былі кветкі, над галовамі яны бачылі праменні ўзыходзячага для іх сонца.

Запрошаных было вельмі многа. Усе тоўпіліся вакол Казеты, віншуючы і наперабой называючы яе баранесай. Казета ніколі яшчэ не была такая далікатная з Жанам Вальжанам, як у гэты дзень. Звяртаючыся да яго, яна нібы зноў рабілася ранейшай маленькай дзяўчынкай.

Стол накрыты быў у сталовай, ярка асветленай мноствам свечак у кандэлябрах. Пасярод стаялі букеты кветак у вазах; срэбра і хрусталь зіхацелі тысячай агнёў. Усё зіхацела і весяліла позірк.

У пярэдняй грала музыка.

Жан Вальжан сеў на крэсла ў зале, за дзвярыма, якія амаль засланялі яго. За некалькі хвілін да таго, як сесці за стол, Казета, нібы прадчуваючы штосьці, падышла да яго і, пяшчотна зірнуўшы на яго, запытала:

— Бацька, ці здаволены вы?

— Так, я здаволены, — адказваў ён.

— Дык усміхніцеся!

Жан Вальжан рассмяяўся. Праз некалькі хвілін слуга даклаў, што есці падана.

Госці, а наперадзе пан Жыльнарман пад руку з Казетай, накіраваліся ў сталовую і селі вакол стала.

Па абодва бакі крэсла маладой стаялі два вялікія крэслы: адно для пана Жыльнармана, другое для Жана Вальжана. Пан Жыльнарман сеў, другое крэсла аставалася незанятае. Пачалі шукаць вачыма пана Фашлевана. Яго не было ў пакоі.

Пан Жыльнарман паклікаў слугу.

— Дзе пан Фашлеван? — запытаў ён.

— Судар, — адказаў слуга, — пан Фашлеван прасіў мяне перадаць вам, што ў яго вельмі забалела рука, так што ён, на жаль, не мог астацца. Ён просіць прабачэння і гаворыць, што прыдзе заўтра раніцою. Ён толькі што вышаў.

Пустое крэсла ахаладзіла на момант весялосць шлюбнага піра. Але затое пан Жыльнарман ззяў за дваіх. Ён адзначыў, што пан Фашлеван вельмі добра зрабіў, што пайшоў, каб раней легчы ў пасцель. Потым пану Жыльнарману прышла ў галаву думка пасадзіць на пустое крэсла поруч з Казетай Марыуса. Усіх ахапіла незвычайная