Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/505

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ніяк не мог запоўніць. Ён часта запытваў у сябе, ці можа быць, што ён бачыў пана Фашлевана на барыкадах, яго, чалавека такога спакойнага і сур’ёзнага? І ўсё мінулае раптам у смутных, няясных вобразах уваскрэсла перад ім, і ён запытваў у сябе, ці было ўсё гэта ў сапраўднасці калі-небудзь і сам ён ці той чалавек, што быў раней?

Пан Фашлеван заняў месца сярод гэтых згаслых зданяў мінулага. Марыус не мог сабе ўявіць, каб пан Фашлеван, які быў на барыкадах, быў той-жа самы, якога ён бачыў цяпер перад сабою, побач з Казетай. Відавочна, той вобраз быў навеяны кашмарам, і яму і на думку не прыходзіла задаць хоць якое-небудзь пытанне сапраўднаму Фашлевану. Раз толькі ён зрабіў спробу. У гутарцы ён упамянуў нібы выпадкова вуліцу Шанврэры і, звяртаючыся да пана Фашлевана, запытаў:

— Вы ж добра ведаеце гэтую вуліцу?

— Якую?

— Вуліцу Шанврэры.

— Уяўлення аб ёй не маю, — адказаў Фашлеван самым натуральным тонам у свеце.

Адказ, які датычаў самой вуліцы, а не таго, што адбывалася ў ёй, зусім пераканаў Марыуса ў яго заблуджэнні, і ён падумаў:

„Сапраўды, я трызню. Мне ўсё гэта прымярэшчылася. Гэта хто-небудзь, да яго падобны. Пан Фашлеван і не думаў быць там“.

Як не вяліка, аднак, было ачараванне Марыуса, яно не згладзіла з яго памяці іншых турбот. Пакуль рыхтаваліся да вяселля, ён, устаўшы на ногі пасля хваробы, распачаў старанныя і цяжкія пошукі.

У яго было цяпер некалькі абавязкаў: падзяка за бацьку і за сябе, быў Тэнард’е і яшчэ нейкі невядомы, хто даставіў яго, Марыуса, пану Жыльнарману.

Марыус у што-б там не было хацеў адшукаць гэтых людзей, раней чым жаніцца, нібы баючыся, каб гэтыя незаплачаныя даўгі не адтэрмінавалі яго прамяністага шчасця. Тэнард’е быў машэннік, але гэта не змяняла таго, што ён выратаваў палкоўніка Панмерсі. Тэнард’е быў злодзей для ўсіх, апрача Марыуса.

Ніводны агент, пушчаны ў ход Марыусам, не мог адшукаць яго слядоў. Знікненне яго было поўнае. Жонка памерла ў турме ў час следства, а ён і малодшая дачка Азельма патанулі ў невядомасці. Бяздонне грамадскай невядомасці маўкліва закрылася над імі. На паверхні не было відаць ніякіх слядоў таго лёгкага хвалявання, па якому можна даведацца, што туды ўпала штосьці. Тэнард'е за-