Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/506

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

вочна быў прыгавораны да кары смерцю. Гэты прыгавор кідаў злавесны водбліск на згаслае імя, як васковая свечка, якая стаяла ля труны.

Што датычыць другога, хто выратаваў Марыуса, то спачатку пошукі далі некаторыя вынікі, але потым усе сляды адразу зніклі. Знайшлі рамізніка, які прывёз Марыуса на вуліцу Філь дзю Кальвер увечары 6 чэрвеня. Фурман расказаў, што па загаду паліцэйскага агента ён прастаяў ледзь не цэлы дзень на наберажнай Елісейскіх палёў, каля вялікай клаакі. Гадзін каля дзевяці вечара рашотка, што выходзіла на раку, адчынілася, адтуль вышаў нейкі чалавек, які нёс на плячах другога, відавочна мёртвага. Паліцэйскі, які толькі іх, здавалася, і чакаў, арыштаваў абодвух, і потым усе разам селі ў карэту і спачатку адправіліся на вуліцу Філь дзю Кальвер, дзе здалі мёртвага, а потым паехалі далей і спыніліся ля нейкага глухога завулка. Там яго разлічылі, і больш ён нічога не ведае.

Твар таго чалавека, які быў арыштаваны агентам, ён не заўважыў, таму што ноч была вельмі цёмная.

Сам Марыус, як мы сказалі, нічога не памятаў. Адное толькі асталося ў яго памяці, што ў апошнюю хвіліну на барыкадзе чыясьці дужая рука падхапіла яго ў момант падзення ад атрыманай раны. Потым ён страціў прытомнасць і апрытомнеў толькі ў пана Жыльнармана.

Ён блытаўся ў здагадках. Якім чынам ён з вуліцы Шанврэры мог апынуцца на беразе Сены? Хто-небудзь, відавочна, перанёс яго. Якім шляхам? Няўжо праз падземныя галярэі? Нечуванае самаафяраванне!

Але хто-ж гэта быў? Хто?

Марыус шукаў гэтага чалавека, свайго выратавальніка, не пакінуўшага за сабой ніякага следу.

Спадзеючыся, што ў яго пошуках дапаможа акрываўленае адзенне, Марыус загадаў захаваць яго. Разглядаючы сурдут, ён заўважыў, што адна пала яго неяк дзіўна падрана: нехапала цэлага кавалка.

Аднойчы Марыус пры Казеце і Жане Вальжане гаварыў пра гэтую дзіўную прыгоду, пра захады, якія ён ужыў, і пра бескарыснасць усіх гэтых намаганняў. Халодны твар Фашлевана даводзіў яго да шаленства, і ён ускрыкнуў з жывасцю, у якой чутна было адценне гневу:

— Так, гэты чалавек, хто-б ён ні быў, проста велічны! Ці ведаеце, міласцівы гасудар, што ён зрабіў? Каб выратаваць мяне, ён павінен быў кінуцца ў сярэдзіну бою, спусціцца ў клааку, цягнуць мяне на сабе. Ён павінен быў прайсці паўтары мілі па гэтых страшэнных падземных галерэях, цягнучы труп на спіне. І з якой мэтай? Толькі каб выра-