Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/487

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

апусціў Марыуса на лаўку ля сцяны клаакі з асцярожнай клапатлівасцю і паклаў яго тварам дагары. Бледны, акрываўлены твар юнака азарыўся бялёсым святлом. Вочы былі заплюшчаны, а змочаныя крывёю валасы прыліплі да скроняў. Кроў запяклася на кутках губ. Адхінуўшы краі адзення ад раны, Жан Вальжан прыклаў руку да яго сэрца. Яно слаба білася. Жан Вальжан разадраў сваю кашулю, перавязаў, як мог, рану, з якой яшчэ сачылася кроў, потым нагнуўся над непрытомным юнаком і накіраваў на яго свой позірк, поўны злосці і глыбокай нянавісці.

Агледзеўшы кішэні Марыуса, Жан Вальжан знайшоў у адной хлеб, куплены яшчэ напярэдадні, а ў другой запісную кніжку. Ён з’еў хлеб і разгарнуў кніжку. На першай-жа старонцы ён прачытаў:

„Мяне завуць Марыус Панмерсі. Аднясіце мой труп да майго дзеда, пана Жыльнармана, вуліца Філь дзю Кальвер, № 6, у Марэ“.

Жан Вальжан некалькі разоў паўтарыў пра сябе: „Вуліца Філь дзю Кальвер, № 6; пан Жыльнарман“. Потым паклаў запісную кніжку назад у кішэню Марыуса. З’едзены хлеб падмацаваў крыху яго сілы; ён зноў узваліў Марыуса на плечы, асцярожна ўклаў яго галаву і зноў пусціўся ў дарогу. Чым далей ён пасоўваўся наперад, тым радзей і радзей пачалі трапляцца на яго шляху вонкавыя адтуліны. Цемра рабілася ўсё гусцейшая і раптам зрабілася жахлівая. Ён адчуў, што пагружаецца ў ваду і што пад нагамі ў яго ўжо не каменне, а вязкі іл. Жан Вальжан апынуўся ў багне. У гэтым месцы брук асеў, праз патрэсканыя пліты прасачыліся вада і гразь.

З кожным крокам Жан Вальжан адчуваў, як глеба выслізгвае з-пад яго ног, вярнуцца, аднак, назад не было магчымасці: Марыус быў ледзь жывы, а Жан Вальжан траціў апошнія сілы. Ён усё ішоў наперад, грузнучы ўсё глыбей і глыбей. Нарэшце, вольнаю асталася адна толькі галава і дзве рукі, якія падтрымлівалі над галавой Марыуса. Ён траціў ужо апошнія сілы і ледзь падымаў галаву над граззю, якая даходзіла яму да падбародка. Раптам, ступіўшы крок у бок, ён адчуў пад нагою штосьці цвёрдае і знайшоў, такім чынам, апору. Момант настаў, рашучы момант.

Ён зрабіў намаганне, выпрастаўся і ўмацаваўся на гэтай нечаканай прыступцы. Яна здалася яму прыступкаю да жыцця, і хутка ён сапраўды вышаў з-пад вады. Ён мімаволі ўпаў на калені і некалькі хвілін аставаўся нерухомы. Потым устаў, увесь дрыжачы, абледзянелы, пакрыты смуроднай граззю і знясілены пад цяжарам паміраючага, якога