Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/486

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

хвілін ён быў ля груды абломкаў, абышоў яе вакол і спыніўся, як укапаны. Бягляк знік, нібы праваліўся праз зямлю. Куды-ж ён, аднак, падзеўся?

Чалавек у сурдуце дайшоў да канца прыбярэжнай паласы, вярнуўся назад і сударгава сціснутымі кулакамі раптам ударыў сябе па ілбу.

У тым месцы, дзе канчалася сухазем’е і пачыналася вада, ён убачыў нізкую і шырокую жалезную рашотку са скляпеннем, якая была запёрта масіўным замком і паварочвалася на трох петлях. Гэтая рашотка, нешта накшталт варот, выходзіла на Сену. З-пад яе струменіўся ручай. За рашоткай быў відаць цёмны праход. Чалавек скрыжаваў рукі і дакорліва зірнуў на ўсё гэта.

Бясспрэчна, што для таго, каб папасці ў гэты праход, трэба было адперці рашотку, таму што адчыніць яе іначай, як паспрабаваў гэта зрабіць праследвальнік, было немагчыма. Відавочна, у бегляка быў з сабою ключ. Гэта вырвала ў стаяўшага перад дзвярыма чалавека выкрык абурэння.

— Гэта ўжо занадта! — ускрыкнуў ён. — Ключ, які належыць ураду!

Але пасля гэтага, нешта вырашыўшы пра сябе, ён спыніўся ля кучы смецця і пачаў чакаць з цярплівай ярасцю, як паляўнічы сабака.

Рамізнік наверсе наберажнай таксама спыніўся і, прадчуваючы вялікую стаянку, злез з козлаў і падвязаў коням мяшкі з аўсом.

XLV

СУСТРЭЧА Ў КЛААЦЫ

Жан Вальжан, між тым, ішоў і ішоў наперад і ўжо не спыняўся. Дарога рабілася ўсё цяжэй і цяжэй: то прыходзілася нагінацца, каб не ўдарыць Марыуса, то спатыкацца аб кучы гною. Яго мучыў голад, асабліва смага. Ён стаміўся, а цела Марыуса вісела зусім безжыццёвай масай і ціснула яго. Час ад часу паветра з аддушын клаакі давала яму некаторае палягчэнне.

Было, напэўна, гадзін каля трох пасля паўдня, калі ён дабраўся да даволі шырокай галярэі, дзе рукі яго не маглі ўжо дастаць сцен, а галава не закранала скляпення. Тут ён сустрэў раптам скрыжаванне двух галярэй, значыць, чатыры дарогі. На гэты раз, рашыўшы як-бы там ні было дабрацца да Сены, ён павярнуў налева і пачаў спускацца.

Прайшоўшы некалькі часу, ён спыніўся ля даволі шырокай аддушыны, якая кідала яркае святло ў галярэю. Ён