Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/488

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

цягнуў на сабе, але з душою, прасякнутай нейкім цудоўным святлом.

І ён зноў пайшоў наперад.

Ён быў настолькі знясілены, што павінен быў спыняцца пасля кожных трох-чатырох крокаў. Так пасоўваўся ён некалькі часу, не гледзячы наперад, і раптам упёрся ў сцяну. Ён узняў галаву і на павароце, далёка-далёка перад сабою, убачыў белы, радасны прамень дзённага святла. Перад ім быў выхад.

Гэта вярнула яму сілы. Ён не адчуваў больш ні стомленасці, ні цяжару сваёй ношкі і амаль бягом пусціўся да гэтага выхаду. Па меры набліжэння выхадны прасвет выступаў перад ім усё ясней і ясней. Дайшоўшы да яго, ён спыніўся. Як выйсці цяпер? Рашотка была замкнута на ключ.

Ужо амаль зусім сцямнела. Калі-б можна было выбрацца з галярэі, то цяпер быў-бы самы зручны час непрыкметна прабрацца ў горад. За рашоткай паветра, рака, святло, воля, Парыж — гэты вір, у якім так лёгка схавацца. Што рабіць, як выйсці?

Жан Вальжан паклаў Марыуса ля сцяны, падышоў да рашоткі і схапіўся абодвума рукамі за бруссі. Але яны нават і не ўзварухнуліся ад штуршка. Ён паспрабаваў звярнуць рашотку — дарэмна. Яна сядзела вельмі моцна. Перашкода была непераможнай. Ніякай магчымасці адчыніць рашотку.

Няўжо-ж тут і спыніцца? Што рабіць? Як быць? Вярнуцца назад у яго нехапала сіл. Ды і як прайсці другі раз праз багну, з якой ён выратаваўся толькі цудам? Куды ісці? Калі і былі выхады ў іншых месцах, то і яны, напэўна, загароджаны такім-жа самым спосабам. Ён выратаваўся і папаў у турму.

Усё скончана. Тое, што ён зрабіў, аказалася бескарысным. Абодвух ахутала бясконцая, цёмная пеляна смерці, і Жан Вальжан адчуваў калыханне яе злавесных крылляў над сваёй душой.

Ён павярнуўся спіной да рашоткі і ўпаў на калені ля цела Марыуса, схіліўшы галаву да зямлі. Няма выхаду! Гэта была апошняя кропля поўнай роспачы.

Аб кім думаў ён у гэты цяжкі момант? Не аб сабе, не аб Марыусе. Ён думаў аб Казеце.

Пасярод гэтага здрантвення ён раптам адчуў, як на яго плячо апусцілася чыясьці рука і нейчы голас вымавіў:

— Давай напалам!

Хтосьці быў у гэтай цемры. Жан Вальжан падумаў, што ён трызніць. Ён не чуў нічыіх крокаў. Ці можа быць? Ён узняў вочы.