Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/468

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

пад дахам ад дзеяння куль і карцечы паступова разбураліся. Абаронцы барыкады, якія былі там заселі, павінны былі выйсці адтуль. Але барыкада не адказвала.

Пры кожным залпе Гаўрош выпінаў шчаку языком.

— Гэта добра, — сказаў ён, — што яны ірвуць матэрыю на маленькія кавалкі: нам патрэбна корпія.

Курфейрак здзекваўся з няўдалай стральбы карцеччу і крычаў пушцы:

— Ты занадта многа лапочаш на вецер, мая мілая!

У час бітвы зласловяць таксама, як і на бале. Упартае маўчанне барыкады, напэўна, пачынала непакоіць салдат і прымушала іх баяцца якога-небудзь нечаканага здарэння, і яны разумелі неабходчасць зірнуць на барыкаду і даведацца, што робіцца за гэтай бясстраснай грудай булыжніку, якая не адказвае на стрэлы. Асаджаныя раптам убачылі на даху аднаго з суседніх дамоў каску, якая блішчэла на сонцы. Пажарны, прыхінуўшыся да высокага коміна, здавалася, стаяў там, нібы на варце, Яго вочы былі накіраваны на барыкаду.

— Вось ужо зусім непажаданы выведнік, — заўважыў Анжальрас.

Жан Вальжан вярнуў двухстволку Анжальрасу, але ў яго была і свая стрэльба.

Не гаворачы ні слова, ён прыцэліўся ў пажарнага, і праз секунду збітая з галавы куляй каска з шумам звалілася на вуліцу. Перапалоханы салдат паспяшаўся пакінуць свой небяспечны пост.

На яго месцы з’явіўся новы назіральнік. Гэта быў афіцэр. Жан Вальжан, які паспеў зарадзіць стрэльбу, зноў стрэліў у афіцэра, і яго каска апынулася там-жа, дзе і каска салдата. Афіцэр не супраціўляўся і хутка схаваўся. На гэты раз перасцярога была зразумета: на даху ўжо ніхто не з’яўляўся, — відавочна, рашылі адмовіцца ад думкі сачыць за тым, што робіцца на барыкадзе.

— Чаму вы не забілі гэтага чалавека? — запытаў Басюэт.

Жан Вальжан нічога яму не адказаў.

Басюэт шапнуў на вуха Камбферу:

— Ён не адказаў на маё пытанне.

— Гэта — дабрак, які раскідае дабро, як стрэлы з вінтоўкі.

Тыя, хто захаваў у памяці падзеі гэтага ўжо далёкага часу, памятаюць таксама, што нацыянальная гвардыя прадмесця была вельмі смелая ў выступленнях супроць паўстанцаў. Асабліва была яна цвёрдая і ўпартая ў чэрвеньскія дні 1832 года. Шынкары, якія зрабіліся беспрацоўнымі, набывалі раптам ільвіную мужнасць і ішлі на смерць, каб аднавіць магчымасць бачыць напоўненымі залы сваіх шынкаў.