Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/469

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

У тыя буржуазныя часы побач з ідэйнымі рыцарамі выступалі багатыры нажывы. Празаізм пабуджэнняў не пазбаўляў іх дзеянняў некаторай долі храбрасці. Падзенне курсу грошай прымушала і банкіраў спяваць марсельезу. Лірычна пралівалі кроў за цэласць прылаўка, абаранялі са спартанскім энтузіязмам крамку, нібы радзіму ў мініятуры. Па сутнасці ўсё гэта было вельмі сур’ёзна. Гэтыя грамадскія элементы ўступілі ў барацьбу, чакаючы таго дня, які прынясе ім роўнавагу.

Другім знакам часу было змяшэнне анархіі з „урадавасцю“ (варварскі тэрмін!). На абарону парадку выступалі з парушэннем дысцыпліны. Барабан біў трывогу безупынна пад каманду такога-та палкоўніка нацыянальнай гвардыі, такі-та капітан ішоў у агонь па натхненню, такі-та нацыянальны гвардзеец ад сябе біўся за якуюсьці ідэю. У крытычныя хвіліны людзі менш лічыліся з распараджэннямі каманднага састава, чым з сваімі інстынктамі.

У арміі панаваў непарадак, нібы ў гверыльясаў[1]. З іх адны былі ўзброены мячом, як Фаніко, а другія пяром, як Анры Франфрэд. Цывілізацыя, якая была ў той час хутчэй сукупнасцю інтарэсаў, чым сувяззю ідэй, лічыла сябе ў небяспецы. Ад яе чуліся крыкі роспачы. Кожны ператвараў сябе ў яе цэнтр, дапамагаў ёй, абараняў і вартаваў яе па-свойму і на свой страх, і кожны, каму не лень, браўся за выратаванне грамадства.

Часам стараннасць была залішняя. Такая-та група нацыянальных гвардзейцаў, страціўшы сваё аўтарытэтнае начальства, абірала ваенны совет і, у пяць хвілін закончыўшы суд, выконвала прыгавар над якім-небудзь рэволюцыянерам. Такая імправізацыя была прычынай забойства Жана Прувера. Закон Лінча жорсткі, і ні адна партыя не можа папракаць за яго другую, бо амерыканская рэспубліка ўжывае яго таксама, як еўрапейскія манархіі. Гэты закон Лінча ўскладняўся ў дадатак непаразуменнямі і памылкамі.

Аднойчы ў час паўстання на маладога паэта Поль Эме Гарн’е быў зроблен напад і ён выратаваўся, толькі схаваўшыся пад варотамі дома № 6. Услед яму крычалі: „Вось яшчэ адзін з гэтых сен-сіманістаў!“ і хацелі забіць яго. У яго сапраўды быў у руках том „Мемуараў“ Герцага Сен-Сімона[2]. Адзін нацыянальны гвардзеец прачытаў толькі

  1. Гверыльясы — ад іспанскага слова „гверылья“, што азначае „малая вайна“. Так называліся іспанскія партызаны, якія вялі вайну за незалежнасць Іспаніі супроць Налалеона.
  2. „Мемуары“ герцага Сен-Сімона адносяцца да XVII века, а праследуемае вучэнне вядомага соцыяльнага мысліцеля і ўтапіста Сен-Сімона адносіцца да канца XVIII і пачатка ХІХ в.