Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/467

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

смутна адчула, што адбываецца штосьці жахлівае. Такія прадчуванні носяцца часам у самім паветры. Яна гаварыла сабе, што ні ў чым не можа быць упэўнена, што страціць адзін аднаго з віду — усёроўна, што зусім прапасці, і думка, што Марыус можа з’явіцца да яе з неба, здавалася ёй ужо не цудоўнай, а сумнай.

Потым — такія гэтыя хмаркі — яна супакоілася, да яе зноў вярнулася надзея, а разам з ёю і нешта, падобнае да ўсмешкі.

У доме ўсе яшчэ спалі. Было так ціха, як у вёсцы. Не адчынялася яшчэ ні адной акяніцы. Пакой вартаўніка быў яшчэ запёрты. Тусен яшчэ не ўставала, і Казета, зусім натуральна, думала, што і бацька яе спіць. Трэба было ёй шмат напакутвацца і яшчэ пакутваць, пакуль не ўзнікла ў ёй думка, што бацька яе нядобры. Але пакуль яна спадзявалася на Марыуса. Зацямненне такога святла ёй здавалася абсалютна немагчымым. Часам яна чула, як даносіўся здалёк нейкі глухі гул і тады гаварыла сабе: „як гэта дзіўна, што так рана пачалі стукаць варотамі“. А, між тым, гэта былі пушачныя стрэлы, якія грамілі барыкаду.

На некалькі футаў ніжэй акна Казеты да пачарнеўшага ад даўнасці карніза знадворнай сцяны дома прыляпілася гняздо каменных стрыжоў. Верхавіна гэтага гнязда выступала крыху наперад за лінію карніза, і дзякуючы гэтаму зверху відаць была ўся ўнутранасць гэтага маленькага рая. У гняздзе відаць была матка, якая, распусціўшы свае крыллі веерам, закрывала імі сваіх птушанят; бацька лётаў каля гнязда, адлятаў і потым зараз-жа вяртаўся, несучы ў дзюбцы корм і пацалункі. Узыходзячае сонца азарала гэтую карціну шчасця, вялікі закон размнажэння выконваўся тут весела і ўрачыста, і гэтае мірнае таінства адбывалася пры яркім святле раніцы. Казета, валасы якой танулі ў сонечных праменнях, а думкі ў лятуценнях, асветленая ўнутрана любоўю, а знадворку зарою, нібы машынальна нахілілася наперад і, амаль не смеючы прызнацца сабе, што яна думала ў гэтую хвіліну пра Марыуса, з глыбокім хваляваннем, якое выклікае ў душы нявіннай дзяўчыны від гнязда, пачала глядзець на птушак, на гэтую сям’ю, на самца і на самку, на маці і на птушанят.

XLI

ЖЫЦЦЁ НА БАРЫКАДЗЕ

Салдаты не пераставалі страляць. Залпы са стрэльбаў чаргаваліся з карцеччу, не робячы, між іншым, вялікіх пашкоджанняў. Цярпела толькі верхняя частка дома, які займаў шынок „Карынф“: вокны ў першым паверху і мансарды