Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/465

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

паўстанцам, але затое на вуліцы, у сферы агню, было вельмі небяспечна.

Жан Вальжан прайшоў у праход, вышаў на вуліцу, перайшоў па ёй пад градам куль, падышоў да матраца, падняў яго, ускінуў сабе на спіну і вярнуўся за барыкаду.

Ён сам загарадзіў матрацам небяспечнае месца і прыладзіў яго такім спосабам, што артылерысты не маглі яго бачыць.

Як толькі гэта было зроблена, пачалі чакаць стрэлу карцеччу.

Ён хутка пачуўся.

Пушка з рэвам вырыгнула зарад карцечы. Але рыкашэта не атрымалася. Карцеч упілася ў матрац. Барыкадзе цяпер не пагражала непасрэдная небяспека.

— Грамадзянін, — сказаў Анжальрас, звяртаючыся да Жана Вальжана, — рэспубліка дзякуе вам.

Басюэт засмяяўся, а потым сказаў:

— Гэта проста антымаральна, што матрац можа ўладаць такою магутнасцю. Трыумф слабага над грознай, руйнавальнай сілай. Але гэта ўсёроўна; слава матрацу, які робіць няшкоднай пушку.

ХL

ДЗЕНЬ КАЗЕТЫ

У гэтую самую хвіліну Казета прачнулася.

Яе пакой быў вузкі, чысты, скромны, з даўгім акном, якое выходзіла на задні двор дома, на ўсход. Казета нічога не ведала пра тое, што рабілася ў Парыжы. Яна не была там напярэдадні і ўжо збіралася ісці да сябе ў пакой, калі Тусен сказала: „Падобна, нібы там пачынаюць шумець“.

Казета спала не доўга, але моцна. Яна бачыла прыемныя сны, што залежала, магчыма, ад таго, што яе пасцелька была вельмі чысценькая. Нехта, вельмі падобны да Марыуса, з’явіўся ёй, абкружаны светлым ззяннем. Яна прачнулася з першымі праменнямі сонца, якія ўдарылі ёй проста ў вочы, і ў першую хвіліну ёй здалося, што яна ўсё яшчэ бачыць сон.

Яе першыя думкі, выкліканыя ўспамінамі аб гэтым сне, былі вясёлыя. Казета адчувала сябе зусім заспакоенай. У душы ў яе, як і ў Жана Вальжана за некалькі гадзін перад тым, адбылася рэакцыя, якая не дапускае нават і думкі аб магчымасці няшчасця. Яна пачала спадзявацца ўсімі сіламі, сама не ведаючы чаму. Потым у яе раптам сціснулася сэрца. Вось ужо тры дні, як яна не бачыла Марыуса. Але яна гаварыла сабе, што ён павінен быў атрымаць яе пісьмо, ведае, дзе яна, і што ён такі разумны і, напэўна, прыдумае