Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/464

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

пратрымацца можна будзе не больш як чвэрць гадзіны. Неабходна, як-бы там ні было, аслабіць сілу стрэлу.

Анжальрас выказаў наступную думку:

— Туды трэба было пакласці матрац.

— Матраца няма, — адказваў Камбфер, — на ім ляжаць раненыя.

Жан Вальжан, які сядзеў у баку на тумбе, за рагом шынка, паставіўшы стрэльбу паміж ног, да гэтага часу не прымаў удзелу ва ўсім, што адбывалася. Ён, здавалася, нібы нават не чуў, як вакол гаварылі па яго адрасу: „Вось стрэльба, якая зусім не страляе“.

Але пры апошніх словах Анжальраса ён устаў.

Яшчэ ў той час, калі на вуліцы Шанврэры пачаў толькі збірацца народ, адна старая, нібы прадчуваючы, што тут хутка пачнуць лётаць кулі, завесіла знадворку сваё акно матрацам. Акно гэтае, на гары, было зроблена ў самым даху шасціпавярховага дома, які стаяў крыху спераду барыкады. Матрац, расцягнуты ўпоперак акна, падтрымліваўся знізу двума шастамі для сушэння бялізны, а зверху двума вяроўкамі, якія здалёк здаваліся тонкімі шнуркамі і былі прывязаны за цвікі, увабітыя ў аконныя налічнікі мансарды. Гэтыя дзве вяроўкі, нібы тонкія валаскі, ясна вырысоўваліся на блакітным фоне неба.

— Ці не можа хто-небудзь даць мне двухствольную стрэльбу? — сказаў Жан Вальжан.

Анжальрас, які толькі што зарадзіў сваё ружжо, падаў яму.

Жан Вальжан прыцэліўся ў мансарду і стрэліў.

Адна з вяровак перарвалася, нібы перарэзаная. Матрац трымаўся цяпер усяго толькі на адной вяроўцы.

Жан Вальжан стрэліў з другога ствала. Другая вяроўка хвастанула па шклу мансарды. Матрац слізгануў між двух шастоў і зваліўся на вуліцу.

На барыкадзе пачалі апладыраваць.

Усе крычалі разам:

— Вось цяпер і матрац у нас ёсць!

— Так, — сказаў Камбфер, — але толькі хто возьмецца схадзіць па яго?

Матрац зваліўся па-за барыкадай, паміж асаджанымі і асаджаўшымі. Але смерць артылерыйскага сержанта да такой ступені абурыла войска, што салдаты, якія ўжо некалькі часу ляжалі на зямлі пад аховай грады булыжніка, імі-ж самімі складзенай, а таксама, каб узнагародзіць сябе за вымушанае маўчанне пушкі, якая бяздзейнічала, чакаючы, пакуль з’явіцца новы наводчык, адкрылі агонь па барыкадзе. Рэволюцыянеры не адказвалі на гэтыя стрэлы, таму што бераглі зарады. Кулі, пападаючы ў барыкаду, не рабілі шкоды