Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/466

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

спосаб прабрацца да яе. І ён прыдзе, напэўна, сёння і, магчыма, нават зараз. На дварэ было ўжо зусім светла, але праменні сонца ішлі яшчэ гарызантальна, і таму яна думала, што яшчэ рана; але тым не менш ўсё-такі трэба ўстаць, каб спаткаць Марыуса.

Яна адчувала, што не можа жыць без Марыуса і што гэтага зусім даволі, каб Марыус з’явіўся. Ніякіх пярэчэнняў не дапускалася. Усё гэта было святою ісцінай. Даволі ўжо і таго, што ёй прышлося пакутваць цэлыя тры дні. Марыус прападае невядома дзе трое сутак. Гэта проста жахліва, міласцівы божа! Цяпер настаў канец гэтым пакутам, і яны адыходзілі ў сферу перажытага: Марыус хутка прыдзе і прынясе добрыя звесткі. Такаво юнацтва, яно хутка асушае заплаканыя вочы, яно не прызнае гора і адмаўляецца ад яго. Юнацтва — гэта ўсмешка будучага перад невядомым, якое ў ім самім. Ёй так натуральна быць шчаслівай. Здаецца, што нават паветра, якім яна дыхае, насычана надзеямі.

Апрача таго, Казета ніяк не магла прыпомніць, што іменна гаварыў ёй Марыус аб сваёй мяркуемай адсутнасці, якая павінна была працягнуцца толькі адзін дзень, і якімі прычынамі ён вытлумачваў гэтую адсутнасць. Кожны заўважаў, з якою спрытнасцю хаваецца ўпушчаная на зямлю манета і як доўга хаваецца яна такім чынам, не паказваючыся. У некаторых выпадках і думкі ўтвараюць з намі тое-ж самае: яны хаваюцца ў самы далёкі куток нашых мазгоў, тады скончана — яны ўсёроўна што страчаныя, ніякімі сіламі нельга аднавіць іх у памяці. Казеце было крыху прыкра, што яе намаганні прыпомніць гутарку не прывялі ні да чаго. Яна папракала сябе і ставіла сябе ў віну, што забыла словы, сказаныя Марыусам.

Казета ўстала з ложка, хутка адзелася, прычасалася, прыбрала валасы, што рабілася вельмі проста ў той час, калі жанчыны не падкладалі яшчэ пад свае буклі і ўзбітыя на галаве валасы падушачак і валікаў і зусім не насілі фальшывых валасоў. Потым яна адчыніла акно і пачала глядзець у яго з надзеяй убачыць вуліцу, рог дома ці хоць частку бруку, а на ім Марыуса. Але з акна нічога гэтага не было відаць. Задні двор быў агарожан даволі высокімі сценамі, з-за якіх відаць былі толькі сады. Казета знайшла гэтыя сады агіднымі; у першы раз у жыцці кветкі здаліся ёй брыдкімі. Самы маленькі кавалачак вулічнай канаўкі даў-бы ёй куды большае задаваленне. Тады яна пачала глядзець на неба, як калі-б думала, што Марыус можа з’явіцца гэтым шляхам.

Раптам з вачэй у яе пырснулі слёзы. Гэта было выклікана не беспрычыннай зменай настрою, а пакутлівым усведамленнем, што ўсе надзеі яе аказваюцца разбітымі. Яна