Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/460

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

І ўся барыкада пачала апладыраваць.

Праз хвіліну пушка ўжо стаяла перпендыкулярна да папярочнага сячэняя вуліцы. Жэрла яе зіяла якраз супроць самай барыкады.

— Ну, цяпер пойдзе пацеха! — сказаў Курфейрак. — Якое страшыдла! У адказ на пстрычку па носе — удар кулаком. Армія накладае на нас сваю вялізную лапу. Барыкаду зараз моцна ўстрасянуць. Стрэльба мацае, а пушка бярэ.

— Гэта бронзавая васьміфутавая гармата навейшага ўзору, — дадаў Камбфер. — Такія пушкі пагражаюць выбухам, калі толькі пры састаўленні сплаву на сто частак медзі ўзята хоць крыху больш як дзесяць частак волава. Лішак волава робіць сплаў надта рыхлым. Ад гэтага-ж утвараюцца трэшчыны і ракавіны. Для папярэджання такіх няшчасных выпадкаў і каб мець магчымасць павялічваць зарад, было-б, магчыма, куды лепш вярнуцца да старадаўняга спосабу набіўкі абручоў, які практыкаваўся ў чатырнаццатым стагоддзі, і таксама-ж адзець усё дула пушкі, ад тарэлі да цапфы, броняй з стальных абручоў, але толькі суцэльных і не скутых. А да таго часу, пакуль гэта будзе зроблена, стараюцца іншымі спосабамі адхіляць магчымасці такіх здарэнняў і з мэтаю даведацца, ці ёсць трэшчыны і ракавіны, даследуюць пушку бразготкай.

— У шаснаццатым веку, — заўважыў Басюэт, — ужываліся пушкі наразныя.

— Так, — адказваў Камбфер, — гэта павялічвае дальнабойнасць, але затое змяншае вернасць прыцэлу. Пры стральбе на кароткую дыстанцыю траекторыя не мае патрэбнай дакладнасці, снарад апісвае надта вялікую парабалу і, не закранаючы цэлі, пралятае над ёю, а між тым стральба на кароткую дыстанцыю мае асабліва важнае значэнне ў час бою, калі пры збліжэнні з сіламі праціўніка і пачашчэнні агню толькі насцільныя стрэлы і трапляюць у цэль. Недахоп гэты ў наразных пушках шаснаццатага стагоддзя залежаў ад слабых параўнаўча зарадаў; немагчымасць дапусціць больш моцныя зарады тлумачыцца балістычнымі меркаваннямі, а таксама і мэтай захавання лафетаў. Наогул, пушка — гэты дэспат — далёка не можа рабіць усё, што хочаш, у ёй сіла злучана з поўным бяссіллем. Пушачнае ядро пралятае ўсяго толькі шэсцьсот міль у гадзіну, а святло — семдзесят тысяч у секунду.

— Зарадзіце стрэльбы, — сказаў Анжальрас.

Як-то вытрымае барыкада ўдар ядром? Ці праб’е яно яе ці не? У гэтым заключалася ўсё пытанне. У той час калі паўстанцы зараджалі стрэльбы, артылерысты зараджалі пушку.

Барыкада перажывала хвіліну цяжкога смутку.