Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/459

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Між іншым, усе мелі выгляд, бадай, яшчэ больш горды і самаўпэўнены, чым раней: гатоўнасць афяраваць сабою надае цвёрдасці. У іх больш ні на што не было надзеі, затое ў іх была адвага. Адвага — гэта такая зброя, якая дае часам перамогу, — гэта сказаў Віргілій[1]. Незвычайныя сродкі з’яўляюцца вынікам адважнага рашэння.

Ісці насустрач смерці — гэта азначае часам знайсці верны сродак ухіліцца ад крушэння, і века труны робіцца дошкай ратунку.

Як і напярэдадні ўвечары, усю ўвагу сканцэнтроўваў на сабе — можна нават сказаць, прыкоўваў да сябе — канец вуліцы, цяпер ужо ўвесь асветлены і добра бачны.

Чакаць прышлося нядоўга. Шум ясна даносіўся з боку Сен-Ле, але гэты шум не быў падобны да таго, які папераджаў першую атаку. Чуваць быў грукат акутых жалезам колаў, гул ад руху нейкай цяжкай масы, прарэзлівы, звінячы гук медзі, які нібы падскокваў па няроўнаму бруку, — словам, той грозны шум, што служыць прадвеснікам падыходзячага страшыдла, якое складаецца з жалеза і медзі. Адчувалася, як дрыжэла самая глеба гэтых ціхіх вуліц, якія праектаваліся і рабіліся як шляхі, неабходныя для агульнай карысці і ў інтарэсах прагрэса, а зусім не для таго, каб па іх грукацелі колы прылад знішчэння.

Накіраваныя на канец вуліцы твары абаронцаў барыкады сурова нахмурыліся.

На вуліцы паказалася пушка.

Пушка была знята з перадка, як у момант бою, і артылерысты везлі яе на сабе. Двое з іх падтрымлівалі лафет за хобат, а чацвёра круцілі колы; астатнія везлі зарадную скрынку. Запалены кнот дыміўся.

— Плі! — скамандаваў Анжальрас.

З барыкады грымнуў залп. Воблака дыму зацягнула і схавала ад вачэй пушку і людзей. Праз некалькі секунд дым рассеяўся, і пушка і людзі зноў зрабіліся бачныя. Гарматная прыслуга паволі, па ўсіх правілах, не выказваючы ніякай таропкасці, падкаціла пушку і ўстанавіла яе супроць барыкады. Ніводны стрэл з вінтовак не папаў у цэль. Потым наводчык паціснуў на тарэль, каб узняць прыцэл, і пачаў устанаўліваць пушку з важнасцю астранома, які наводзіць падзорную трубу.

— Малайцы артылерысты! — крыкнуў Басюэт.

  1. Віргілій — рымскі паэт века Аўгуста. Публій Віргілій Марон нарадзіўся за 70 год да нашага летазлічэння, памёр у 19 годзе да нашай зры, напісаў паэму аб аснаванні Рыма; па імені галоўнага героя яна называецца Энеідай. Напісаў „Буколікі“ і „Георгікі“ — вершы пастухоў і земляробаў.