Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/440

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

карабіны і мушкетоны[1] стралялі асколкамі пасуды, касцямі, гузікамі, аж да колцаў ад стала і мэблі, небяспечных таму, што яны былі зроблены з медзі.

Гэтая барыкада ўся звінела. З яе несліся крыкі і воклічы незвычайнай сілы. Натоўпы, як бура, шумелі вад ёю і вянчалі яе схілы і выступы сумятнёй палаючых галоў. Яна была аздоблена шчаціністым грэбнем стрэльбаў, шабляў, палак, тапароў, пік і штыкоў. Шырокі чырвоны сцяг хлопаў і шчоўкаў краямі пад ветрам. Чуліся крыкі каманды, рэволюцыйныя песні, бой барабана, рыданні жанчын і ўзрывы жудаснага смеху паміраючых з голаду. Яна была бязмерна і поўна жыцця. Ад яе, нібы ад шэрсці наэлектрызаванага звера, зыходзілі іскры і трэск. Дух рэволюцыі веяў над яе верхавінай, і голас народу грымеў адтуль, падобна да голаса гнеўнага бога. Гэтая груда смецця нібы струменіла сабой небывалую веліч. Неякая куча адкідаў раптам зрабілася велічнай, як гара Сінай. Як я ўжо зазначыў, яна нападала імем рэволюцыі... Што?! Так, рэволюцыі. Яна — гэтая барыкада, гэтая суцэльная выпадковасць, заблуджэнне, жах, невядомасць, — яна бачыла перад сабою ўстаноўчы сход, вярхоўную ўладу народу, усеагульнае выбарчае права, нацыю-рэспубліку. Гэта была карманьёла[2], якая кідае выклік марсельезе, выклік бяссэнсны, але поўны гераізму, як і ўвесь гэты прыгарад — стары герой рэволюцыі.

Прадмесце і яго рэдут аказвалі адзін аднаму падтрыманне і дапамогу. Прадмесце абапіралася на рэдут, і рэдут моцна сядзеў на прадмесці. Шырокая барыкада нагадвала скалы, аб якія разбіваліся стратэгічныя ўхітрэнні афрыканскіх атрадаў. Яе адтуліны, яе нарасты, дзіркі і гнёзды нібы рабілі страшэнную грымасу і здзекваліся з усяго пад клубамі дыму. Стрэльбавыя кулі і снарады паглыналіся ёю без вынікаў, ядры рабілі новыя дзіркі ў старых. Для чаго было абстрэльваць гэты хаос? І палкі салдат, якія прывыклі да самых дзікіх карцін вайны, глядзелі трывожным позіркам на гэтага страшнага звера, вялізнага, як гара, і шчаціністага, як дзікі вепр.

За чвэрць мілі адсюль, на рагу вуліцы Тампль, якая выходзіла да бульвара ля Шатадо, пагардліва ўзвышалася другая барыкада. Яе бачылі здалёк з другога боку канала, ад бар’ера Бельвіль, дзе яна падыходзіла да магазіна Даллемань, узвышалася да ўзроўня другога паверха і моцна звязвалася з сценамі дамоў і з брукам, нібы вуліца сама

  1. Карабіны і мушкетоны — розныя роды кулявой зброі без нарэзаў у ствале.
  2. Карманьёла — рэволюцыйная песня, складзеная ў Парыжы пасля ўзяцця каралеўскага палаца 10 жніўня 1792 года.