Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/441

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

звярнула крута, каб перагарадзіць новай сцяной дарогу сабе-ж. Гэтая барыкада дыхала холадам, была простай, дакладна выверанай па адвесу і працягнутай у нітачку. Яна не была ўмацавана цэментам, але, падобна да рымскіх пабудоў, умацоўвалася правільнасцю будаўнічай прыгонкі частак. Яе вышыня гаварыла і аб яе таўшчыні. Усе яе лініі былі вельмі строгія і чыстыя.

На роўных адлегласцях там і тут па яе шэрай паверхні былі відаць байніцы, амаль непрыкметныя. Здалёку яны зліваліся ў нейкую чорную нітку. Вуліца здавалася пустыннай. Вокны і дзверы былі наглуха запёрты, а ў глыбіні ўзвышалася гэтая плаціна, ператвараючы вуліцу ў нейкую пастку. Сцена была нерухомая і спакойная. Не было відаць ні душы, не было чуваць ні гуку, ні крыку, ні шуму, ні ўздыху.

Цішыня грабніцы.

Сонечнае святло чэрвеньскага дня залівала патокамі гэтае страшнае збудаванне.

Такая была барыкада прадмесця Тампль.

Пры падыходзе да гэтага месца нават самыя смелыя людзі, бачачы гэтае збудаванне, рабіліся задуменныя, як перад таямнічай з’явай прыроды. Яно здзіўляла выверанасцю, чоткасцю, сіметрычнасцю частак, пахавальным спакоём і парадкам. Здавалася, што начальнікам гэтай страшнай барыкады быў або ўмелы геаметр, або выхадзец з пекла. Гледзячы на яе, гаварылі шэптам.

Час ад часу, калі хто-небудзь з салдат, афіцэраў ці народных прадстаўнікоў адважваўся перасячы пустынны брук, чуўся лёгкі свіст, востры і слабы ў адзін і той-жа час, і прахожы падаў, забіты або ранены, а калі яму ўдавалася ўцалець, то чуваць было, як куля збівала тынк і ўваходзіла ў сцяну. Людзей на барыкадзе замянялі складаныя прылады з чыгунных ствалоў, якія стралялі перыядычна пры накальванні газу. Гэта для таго, каб не было бескарыснай траты пораху.

Там і сям былі відаць трупы і лужыны крыві. Я памятаю белага матылька, які заляцеў на гэтую вуліцу. Лета не адмовілася ад сваіх правоў.

Навокал усе пад’езды былі заняты раненымі.

Адчувалася, што нехта бярэ на мушку, нехта нябачны прыцэльваецца і што вуліца ва ўсю сваю даўжыню знаходзіцца пад прыцэлам.

Згрудзіўшыся ззаду за згібам, які рабіла старадаўняя застава Тампля ля канала, салдаты атакуючай калоны, пахмурыя і поўныя раздум’я, назіралі за гэтым пахмурым рэдутам, сузіраючы яго нерухомасць, раздумваючы аб недаступнасці гэтага масіва, які выкідае смерць.