Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/439

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

З якога матэрыялу збудавалі гэтую барыкаду? З абломкаў трох шасціпавярховых дамоў, знарок для гэтага разбураных, казалі адны. Яна створана чарамі народнага гневу, казалі другія. Яна прадстаўляла сумнае відовішча пабудовы, створанай нянавісцю, — руіну. Можна было аднолькава верна запытаць, хто пабудаваў гэга, а таксама: хто разбурыў тое? Гэта была імправізацыя абурэння. Цягні! Гэтыя дзверы, гэтую рашотку! Кідай, штурхай, збівай, ламай! У сувязь уступілі: каменні бруку, бруссі, бэлькі, крэслы, жалезныя пруцці, лахманы і клочча, маёмасць галечы і няшчасцяў. Гэта было велічна і нікчэмна. Гэта было грознае братанне абломкаў рэчаў, чужых адны адным. Перакуленыя цялежкі чапляліся па адхоннаму схілу, вялізная павозка тырчэла зверху выстаўленымі ў неба восямі і здавалася тоўстым шрамам на гэтым неспакойным твары барыкады; шырокі амнібус, весела падняты на руках на самую верхавіну збудавання, быццам знарок сваім забаўным выглядам узмацняючы жах гэтага дзікага відовішча, выстаўляў наверх сваё дышла, нібы для нейкай невядомай запрэжкі паветранымі коньмі.

Калі-б акіян будаваў перашкоды, то ён збудаваў-бы іх іменна так, як збудавана была гэта барыкада. Бязладныя нагруважджанні нагадвалі буру патоку. Якога патоку? Патоку жывога натоўпу.

Здавалася, што чуеш над барыкадай, падобнай да вулля, гудзенне вялізных пахмурых пчол, якія бурна імкнуцца наперад. Што гэта: дзікі гушчар, крэпасць? Здавалася, што ўсё гэта ўзнікла ад аднаго ўзмаху нейкага шалёнага крыла. Было штосьці падобнае да клаакі ў гэтым дзіўным збудаванні, і нешта алімпійскае было ў гэтай сумятні.

Было відаць, як, нібы чакаючы пушачных стрэлаў, тут валяліся кроквы, цэлыя вуглы мансард, абклееныя каляровымі шпалерамі, аконныя рамы, якія тырчэлі з абломкаў, разбураныя кавалкі печаў, шафы, сталы, лаўкі, страшэнны непарадак з тысячы рэчаў бядняцкага скарбу, кінутых нават жабракамі, рэчаў, якія носяць на сабе сляды гневу і адвяржэння. Тут былі лахманы і абломкі, нібы выкінутыя адным узмахам вялізнай мятлы з Сент-Антуанскага прадмесця і па неабходнасці складзеныя ў барыкаду. Абрубкі дрэва, падобныя да плахі, разарваныя ланцугі, бярвенні з перакладзінамі, падобныя да шыбеніцы, тырчэўшыя гарызантальна колы — усё надавала гэтаму дзіўнаму збудаванню падабенства да катавальнай камеры, поўнай старадаўніх прылад пакаранняў, перанесеных народам. Сент-Антуанскае прадмесце ўсё ператварала ў зброю; усё, што толькі грамадзянская вайна магла кінуць супроць грамадства, зыходзіла адтуль. Гэта не была бітва, гэта былі параксізмы: