Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/423

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

лом да першай хутка збудавалі другую барыкаду, меншую. Працавала чалавек пяцьдзесят, з іх трыццаць былі ўзброены стрэльбамі з разграбленых па дарозе крам.

Высокі чалавек, які далучыўся па дарозе, дапамагаў будаваць малую барыкаду і быў вельмі карысны. Гаўрош працаваў, як дарослы. Што-ж датычыць юнака, які запытваў пра Марыуса, то ён схаваўся.

Калі абедзве барыкады былі скончаны, устанавілі чырвоны сцяг, выцягнулі з шынка стол, на яго ўзлез Курфейрак і пачаў раздаваць патроны. На кожнага дасталася па трыццаць штук. У некаторых быў запас пораху, і яны пачалі рабіць яшчэ патроны. Адразу зарадзілі ўсе стрэльбы і карабіны і расставілі часавых.

Настала ноч. Пахмурныя вуліцы былі бязгучныя; ні адкуль не даносілася ні гуку, нібы адчувалася набліжэнне чагосьці страшнага, ракавога. Зрэдку толькі да стаяўшых на барыкадах даносіўся глухі гул, і бліскаў агонь са стрэльбаў. Гэты працяглы перапынак паказаў, што ўрад збіраецца з сіламі. Такім чынам, на вуліцы Шанврэры пяцьдзесят чалавек чакалі шэсцьдзесят тысяч праціўнікаў.

Правадыры сабраліся ў зале ніжняга паверха. Тут-жа сядзеў і Гаўрош, рыхтуючы патроны; але ў гэтую хвіліну ён уважліва да некага прыглядаўся. Ён глядзеў у другі канец пакоя, дзе сядзеў высокі незнаёмы, які далучыўся да іх групы на вуліцы Більед. Нарэшце, ён падышоў да аднаго з маладых людзей і сказаў:

— Ці бачыце вы таго пана?

— Ну, дык што-ж?

— Гэта шпіён.

— Ты ў гэтым упэўнены?

— Цалкам.

Анжальрас падышоў да аднаго рабочага і сказаў яму штосьці на вуха. Той вышаў і амаль адразу-ж вярнуўся ў суправаджэнні трох другіх. Усе чацвёра непрыкметна падышлі да невядомага і пасталі ззаду яго.

Анжальрас падышоў да незнаёмага і запытаў:

— Хто вы такі?

Пры гэтым раптоўным пытанні чалавек ускочыў. Ён утаропіў свой позірк у вочы Анжальраса і, здавалася, прачытаў яго думкі. Ен усміхнуўся з выразам пагарды і энергіі і ганарыста вымавіў:

— Я разумею... Ну, так.

— Вы шпіён?

— Я — прадстаўнік улады.

— Ваша імя?

— Жавер.