Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/422

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

рыуса. Усе маладыя людзі былі ўзброены. Яны ішлі па наберажнай без капелюшоў, прамоклыя пад дажджом, але з вясёлымі позіркамі. Гаўрош спакойна падышоў да іх і запытаў:

— Куды мы ідзем?

— Хадзі, убачыш! — адказваў Курфейрак.

Прыхільнікаў з кожнай хвілінай рабілася ў іх усё больш і больш. Каля вуліцы Більет да іх далучыўся нейкі чалавек высокага росту з сівізнай і са смелым і рашучым выглядам.

Правадыры адразу-ж заўважылі яго, але ніхто не ведаў, хто ён такі. Гаўрош, заняты спевамі і сваім пісталетам, не звярнуў на яго ўвагі ў першую хвіліну.

На вуліцы Варэры яны праходзілі каля кватэры Курфейрака. Ён на хвіліну забег да сябе, каб узяць капялюш, як раптам дворнічыха спыніла яго, сказаўшы, што нейкі юнак чакае яго больш за гадзіну.

З каморкі вышаў, як відаць, малады рабочы, невялікага росту, худы і бледны, апрануты ў падраную блузу і шэрыя плісавыя штаны. Юнак быў падобны хутчэй да пераапранутай дзяўчыны, чым да мужчыны, і загаварыў голасам ужо зусім не жаночым:

— Ці не ведаеце вы, ці вернецца сёння пан Марыус?

— Не ведаю. Вось я-то не вярнуся напэўна.

— Куды-ж вы ідзеце?

— А табе што да гэтага! Я іду на барыкады.

— Ці можна мне ісці з вамі?

— Як хочаш, — адказваў Курфейрак, — вуліца вольная, брук для ўсіх. — І пусціўся бягом даганяць таварышоў. Толькі праз чвэрць гадзіны, ён, азірнуўшыся, убачыў, што юнак сапраўды ідзе за імі.

Самі не ведаючы як, яны апынуліся на вуліцы Шанврэры, ля вядомага ў свой час шынка пад шыльдаю „Карыяф“. Тут вырашана было зрабіць барыкаду. Месца было выбрана вельмі ўдала, таму што вуліцу з абодвух бакоў лёгка можна было загарадзіць, пакінуўшы з аднаго боку вольны выхад.

Пры з’яўленні натоўпу абываталяў ахапіў жах. З хуткасцю маланкі ўсё было зачынена і запёрта. Адчынены астаўся адзін толькі шынок па вельмі простай прычыне: ім заўладаў натоўп.

Пачалі разломваць брук, вырываць слупы, перакулілі ў нейкага селяніна воз з вапнай, выцягнулі з сутарэння ўсе пустыя бочкі, і хутка палова вуліцы была заграмоджана перагародкай вышэй чалавечага росту.

Дождж перастаў. Падыходзілі ўсё новыя і новыя падмацаванні, прынеслі бачонак пораху, некалькі бутэлек з сернай кіслатой і скрынку патронаў. Потым пад прамым вуг-