Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/424

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Анжальрас зрабіў знак чацвярым, што стаялі ззаду. У адну хвіліну Жаверу скруцілі рукі і абшукалі. Пры ім знайшлі картку, на адным баку якой напісана было: „Пільнасць і нагляд“, на другім „Жавер, інспектар паліцыі“. Знайшлі яшчэ гадзіннік і кашалёк з грашыма, якія яму пакінулі.

Пасля гэтага яго прывязалі да слупа, што падпіраў столь пасярод пакоя.

Гаўрош, які назіраў увесь час за гэтым, падышоў да прывязанага Жавера і сказаў:

— Мыш злавіла ката.

Усё гэта зрабілася надзвычай хутка. Жавер не вымавіў ні гуку. Пачуўшы аб арышце шпіёна ўсе збегліся ў пакой. Жавер-жа высока трымаў галаву з непахіснай яснасцю чалавека, які ніколі ў жыцці не схлусіў.

— Гэта шпіён, — сказаў Анжальрас таварышам і дадаў, звяртаючыся да Жавера: — Вы будзеце расстрэлены за дзесяць хвілін да ўзяцця барыкады.

— Чаму-ж не зараз? — запытаў Жавер тонам загадвання.

— Таму што мы беражэм порах.

— Дык прыкончыце ўдарам нажа.

— Шпіён, — адказваў Анжальрас, — мы суддзі, а не забойцы.

Потым паклікаў Гаўроша і сказаў яму:

— Ідзі прашмыгні ўздоўж дамоў, пашлындай па вуліцах і прыдзі раскажы, што робіцца; ты маленькі, і цябе не ўбачаць.

— І маленькія на што-небудзь ды спатрэбяцца, — адказваў Гаўрош. — Іду, — сказаў ён. — Дарэчы, дайце мне яго стрэльбу.

І хлопчык, схапіўшы стрэльбу Жавера, аддаў усім чэсць па-ваеннаму і выбраўся на вуліцу.

Праз некалькі хвілін, вышаўшы на барыкаду, Курфейрак зноў убачыў таго самага юнака, які раніцою запытваў у яго пра Марыуса. Юнак, які меў бесклапотны і смелы выгляд, з надыходам ночы вярнуўся да інсургентаў.

Голас, што клікаў у цемры Марыуса на барыкаду на вуліцы Шанврэры, здаўся яму заклікам лёсу. Ён прагнуў смерці — выпадак прадстаўляўся; ён стукаўся ў дзверы магілы — і нейчая рука ў цемры падавала яму ключ ад яе. Спакуса была вялікая. Марыус вышаў з саду і праказаў:

— Пойдзем!

Звар’яцеўшы ад гора і роспачы, не маючы сілы апамятацца ад раптоўнага пераходу ад няземнага шчасця да поўнай безнадзейнасці, ён жадаў толькі аднаго — скончыць хутчэй з усім. Ён хутка пусціўся ў дарогу, узброены пісталетамі Жавера.