Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/42

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

здавалася яму тады недарэчным. Усё, што яго акружала, рабілася нясцерпным.

Ён казаў сабе: „Гэта сон“. Ён кідаў позірк на наглядчыка, які стаяў за некалькі крокаў ад яго, і той уяўляўся яму зданню. Раптам гэтая здань ударала яго палкай.

Бачная прырода ледзь існавала для яго. Можна з упэўненасцю сказаць, што для Жана Вальжана не існавала ні сонца, ні чароўных летніх дзён, ні яснага неба, ні вясны. Не ведаю, якое святло азарала яго душу. З года ў год душа гэтая паволі і ракавым чынам высыхала. Сохла сэрца, высахлі вочы. Калі ён вышаў з астрога, то было роўна дзевятнаццаць год, як ён не выраніў ні адзінай слязы.

X

ШТО ЗРАБІЎ ЧАЛАВЕК, ПРАЧНУЎШЫСЯ

Калі падышоў тэрмін выхаду з турмы, Жан Вальжан пачуў над сваім вухам дзіўны голас: „Ты вольны!“ Момант быў незвычайны і нечуваны. Прамень жывога святла, прамень жывой надзеі раптам бліснуў на яго твары, але адразу-ж пацямнеў. Жан Вальжан быў аслеплены думкай аб вызваленні. Ён уявіў, што перарадзіўся. Хутка ён даведаўся, што такое воля з жоўтым білетам. І, апрача таго, яшчэ шмат іншых прыкрасцей. Ён вылічыў, што ўсе яго грошы, сабраныя за час катаргі, раўняліся ста сямідзесяці аднаму франку. Праўда, ён забыўся пра святочныя дні і пра вымушаны адпачынак, што змяншала яго капітал на дваццаць чатыры франкі прыблізна. Як-бы там ні было, але сума гэтая, дзякуючы розным вылічэнням, дайшла да ста дзевяці франкаў і пятнаццаці су, якія і былі яму выданы пры выхадзе з турмы.

Ён нічога не разумеў і лічыў сябе пакрыўджаным. Нават, сказаць праўду, абакрадзеным.

На другі дзень пасля вызвалення, праходзячы праз Грас, ён убачыў, як рабочыя разгружалі цюкі ля нейкага завода. Ён прапанаваў сваю дапамогу. Паколькі работы было шмат, то яго прынялі. Па сваёй сіле і спрытнасці ён спраўляўся як лепш не трэба, і гаспадар, здавалася, быў ім задаволены. У час работы, жандарм, які праходзіў міма, звярнуў на яго ўвагу і патрабаваў ад яго пашпарт. Прышлося паказаць жоўты білет. Пасля таго Жан Вальжан вярнуўся да работы. Раніцою яшчэ ён запытаў у аднаго з рабочых, колькі ён атрымае за гэты дзень. Той адказваў: трыццаць су. Увечары, з прычыны таго, што на другі дзень ён павінен быў