Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/43

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ісці далей, ён пайшоў да гаспадара па разлік. Гаспадар, не гаворачы ні слова, заплаціў яму пятнаццаць су. Ён запратэставаў. Той адказаў:

— І гэта яшчэ надта добра для цябе.

Ён настойваў далей. Гаспадар, гледзячы на яго ва ўпор, праказаў:

— Гэй, беражыся турмы!

Тут ён яшчэ раз палічыў сябе абакрадзеным. Спачатку грамадства і дзяржава, зменшыўшы яго капітал, абакралі яго. Цяпер прышла чарга адной асобы.

Вызвалённе не ёсць збаўленне. Вызваляюцца ад астрога, але не ад асуджэння.

Вось што здарылася з ім у Грасе. Мы ўжо ведаем, як яго прынялі ў Дыні.

Такім чынам, калі на саборнай званіцы прабіла дзве гадзіны ночы, Жан Вальжан прачнуўся.

Яго разбудзіла зручная пасцель. Прайшло амаль дваццаць год, як ён не спаў на ложку, і, хоць цяпер заснуў, не распранаючыся, адчуванне было надта новае, і ён прачнуўся.

Ён праспаў больш чатырох гадзін. Стомленасць прайшла. Ён не прывык доўга адпачываць.

Ён расплюшчыў вочы і некалькі хвілін углядаўся ў цемру. Потым заплюшчыў вочы, каб зноў заснуць.

Калі на працягу дня перажываеш шмат розных уражанняў, калі што-небудзь ужо вельмі займае мазгі, то можна адразу заснуць, але, раз прачнуўся, зноў заснуць нельга. Тое-ж самае здарылася і з Жанам Вальжанам. Ён не мог заснуць зноў і пачаў думаць.

Ён знаходзіўся ў тым стане, калі ўсе думкі ў галаве пераблытаны. Штосьці сумбурнае мільгала ў яго мазгах. Успаміны аб мінулым і аб тым, што толькі што здарылася, зблытана перапляталіся, то выступаючы ясна, то знікаючы, нібы тонучы ў хвалях. Але над усімі думкамі ярка панавала адна, якая зацямняла ўсе астатнія. Гэтая думка аб шасці срэбных прыборах і аб вялікай разлівальнай лыжцы, якія пані Маглуар расклала за вячэрай на стале.

Гэтыя шэсць прыбораў праследвалі яго. Яны былі там, за некалькі крокаў. У тую хвіліну, як ён праходзіў праз суседні пакой, ён бачыў, як служанка складвала іх у шафачку над узгалоўем ложка. Ён добра заўважыў гэтую шафачку. Яна вісіць направа з сталовай. Старое срэбра было масіўнае. За адну вялікую лыжку можна ўзяць дзвесце франкаў, удвая больш таго, што ён зарабіў на працягу дзевятнаццаці год. Праўда, ён зарабіў-бы больш, калі-б адміністрацыя не абакрала яго.