Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/415

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

гэта на рагу Сент-Авуа і Сімон-Лефран; там яны разбурылі барыкаду. У другім пункце паўстаўшыя адступалі. Яны пакінулі барыкаду, якую пачалі было будаваць на вуліцы Тампль, і, даўшы некалькі залпаў па атраду нацыянальнай гвардыі, уцяклі па вуліцы Кардэры. Атрад гвардзейцаў знайшоў на барыкадзе чырвоны сцяг, пакунак з патронамі і трыста пісталетных куль. Нацыянальныя гвардзейцы разадралі чырвоны сцяг і начапілі шматкі на канцы штыкоў.

Усё, што мы апавядаем тут, расказваючы з натуральнай павольнасцю і паступовасцю падзей, адбывалася ў сапраўднасці адначасова ўсюды, ва ўсіх пунктах сталіцы, ахопленай велізарнай трывогай, нібы пры выбліску тысячы маланак у розных месцах ад аднаго ўдара грому.

Так, не прайшло і гадзіны, а ўжо дваццаць сем гіганцкіх барыкад нібы выраслі з-пад зямлі ў адным толькі квартале Рынкаў. Там у цэнтры знаходзіўся вядомы дом № 50; абапіраючыся з аднаго боку на барыкаду Сен-Меры, а з другага боку на барыкаду вуліцы Мабюэ, гэты дом панаваў над цэлымі трыма вуліцамі, а іменна: Дэзарсі, Сен-Мартэн і Обры-ле-Бушэ.

Дзве барыкады прамавугольнікам ішлі адна ад вуліцы Мантангель да Гранд-Труандры, другая ад вуліцы Жафруа Ланжвен да вуліцы Сент-Авуа. Не лічачы незлічоных барыкад іншых кварталаў Парыжа, у Марэ і Монт-Сент-Жэнеўеў, упамянем яшчэ барыкаду на вуліцы Меніль-Мантан, дзе сярэдзіну займалі знятыя з петляў вароты, і яшчэ адну, паблізу невялікага маста, ля Отэль Д’ё, за трыста крокаў ад паліцэйскай управы, барыкаду, пабудаваную на шкілеце вялізнага перакуленага экіпажа.

На барыкадзе на вуліцы Менетрые добра апрануты чалавек раздаваў грошы рабочым. На барыкадзе на вуліцы Грэнет з’явіўся коннік і перадаў таму, хто, як відаць, камандаваў барыкадай, скрутак, відавочна з грашыма. Ён сказаў пры гэтым: „Вось на пакрыццё расходаў, на віно і іншыя рэчы“.

Малады белакуры чалавек, без гальштука, пераходзіў ад адной барыкады да другой, паведамляючы пароль. Другі малады чалавек, з шабляй нагола, у сіняй паліцэйскай шапцы, расстаўляў часавых. У сярэдзіне прасторы, абкружанай барыкадамі, шынкі і будкі ператвораны былі ў гаўптвахты. Усё паўстанне, здавалася, было арганізавана па апошняму слову беззаганнай ваеннай тактыкі. Нездарма вузкія, няроўныя, звілістыя вуліцы былі знарок абраны паўстанцамі, асабліва вакол Рынкаў, дзе сець вуліц так падобна да блытаніны непраходных лясных сцежак.

Таварыства „Прыяцеляў народу“, як гаварылі, узяло