Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/414

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

гэтых сцягаў быў чырвоны з сінім і з тоненькай, паступова знікаючай белай палоскай пасярод. На Сен-Мартэнскім бульвары разнеслі фабрыку зброі і тры крамы са зброяй: першую на вуліцы Багур, другую — у Мішэль-Лекомт, трэцюю — у Тамплі. Літаральна ў адно імгненне тысячы рук працягнуліся да складаў і знеслі дзвесце трыццаць стрэльбаў, амаль усе двухстволкі, шэсцьдзесят чатыры шаблі і восемьдзесят тры пісталеты. Каб узброіць больш людзей, адзін хапаў стрэльбу, аддаючы другому штык.

Супроць Грэўскай наберажнай маладыя людзі, узброеныя мушкетамі, занялі кватэру адной жанчыны, каб страляць з вокнаў. Яны званілі, уваходзілі і пачыналі рабіць патроны. Адна з суседак гаварыла потым: „Да таго часу я не ведала, што такое патрон. У той дзень муж вытлумачыў мне гэта“.

Натоўп разбіў краму рэдкасцей на вуліцы Віейль Одрыет і захапіў усходнюю зброю і турэцкія ятаганы.

Труп муляра, забітага стрэлам са стрэльбы, ляжаў на вуліцы Перль.

І на правым і на левым берагах, на наберажных і на бульварах, у Лацінскім квартале, ля Рынкаў запыханыя людзі, рабочыя, студэнты, секцыянеры чыталі пракламацыі і агалашалі паветра крыкамі: „Да зброі!“, гнулі ліхтары, знімалі дзверы з петляў, выварочвалі дрэвы з карэннем, выкочвалі пустыя бочкі і кадкі з склепаў, нагруджвалі горы булыжніку з разбуранага бруку, выварочвалі каменне, сцягвалі мэблю, насілі дошкі і будавалі барыкады.

Многіх буржуа прымушалі аказваць дапамогу. Уваходзілі да жанчын, патрабуючы зброю, шаблю або стрэльбу мужа, які быў у адсутнасці, і, забраўшы, крэйдай пісалі на дзвярах: „Зброя выдана“. Іншыя ставілі свой подпіс пад квітанцыямі ў атрыманні стрэльбы і шаблі і дадавалі: „Прышліце за рэчамі заўтра ў мэрыю“. На вуліцы адбіралі зброю ў адзіночных часавых і нацыянальных гвардзейцаў, якія ішлі ў сваю муніцыпальную акругу. У афіцэраў зрывалі пагоны і эпалеты. На вуліцы ля могілак св. Нікалая адзін афіцэр нацыянальнай гвардыі, ратуючыся ад натоўпу, узброенага рапірамі і палкамі, ледзь схаваўся ў незнаёмым доме і вышаў з яго толькі ноччу, пераапрануўшыся.

У квартале Сен-Жак студэнты выходзілі кучкамі з сваіх гасцініц і накіроўваліся або на вуліцу св. Гіяцынта, або ў кафе „Прагрэс“, або ў кафе „Сем більярдаў“ на вуліцы Мацюрэн. Там, перад дзвярыма, маладыя людзі, стаўшы на тумбы, размяркоўвалі зброю.

Для пабудовы барыкад разнеслі лясны склад на вуліцы Транснанен. У адным раёне жыхары праявілі супраціўленне —