Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/416

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

на сябе кіраўніцтва паўстаннем у квартале Сент-Авуа. Пры вобыску чалавека, забітага на вуліцы Пансо, знайшлі план Парыжа.

Сапраўдным кіраўніком паўстання з’явіўся той вогненны пыл, які даўно насіўся ў паветры. Паўстанне раптоўна адной рукой збудавала барыкады, другою захапіла амаль усе пасты гарнізона. Не прайшло і трох гадзін, як рэволюцыянеры з хуткасцю прабегу полымя па парахавой нітцы занялі на правым беразе: Арсенал, мэрыю на плошчы Раяль, усё Марэ, увесь завод зброі Папенкур і іншыя, напрыклад Лагаліет і Шатадо, занялі ўсе вуліцы каля рынка, а на левым беразе: казармы, Сент-Пелажы, плошчу Мабер, парахавы завод Двух млыноў і, апрача таго, усе заставы. У пяць гадзін вечара яны заўладалі Бастыліяй, Ленжэры, Блан-Манто. Іх разведчыкі даходзілі да плошчы Перамогі і ўжо пагражалі банку, казармам Пты-Пэр і галоўнаму пачтамту. Такім чынам, трэцяя частка Парыжа была ў руках паўстаўшых.

Усюды барацьба разгаралася ў велізарных размерах, і з прычыны абяззброення насельніцтва, дзякуючы дамавым вобыскам, апусцелым крамам гандляроў зброяй, аказвалася, што вулічны бой, які пачаўся з простага шпурляння каменняў, цяпер разгарнуўся ў бітву з стральбой з сапраўднай зброі.

Каля шасці гадзін вечара пасаж Дзю-Самон ператварыўся ў месца бітвы. У адным канцы яго знаходзіліся мяцежнікі, у другім — войскі. Перастрэльваліся ад рашоткі да рашоткі. Назіральнік з боку, лятуценнік, аўтар гэтай кнігі, які пажадаў зірнуць у непасрэднай блізкасці на бурліўшы вулкан, апынуўуя ў гэтым пасажы літаральна паміж двух агнёў. У яго не было другой аховы ад куль, апрача выступаў поўкалон, што аддзялялі адзін ад аднаго магазіны, і ён каля поўгадзіны знаходзіўся ў гэтым непрыемным становішчы.

Між тым, прабіў збор; нацыянальная гвардыя паспешліва апранала мундзіры і ўзбройвалася, легіёны выступалі з мэрый, палкі выходзілі з казармаў. Супроць пасажа Дэ-Ланкр адзін барабаншчык паў пад ударам кінжала. Другі на вуліцы Сінь быў атакаваны трыццацю маладымі людзьмі, якія разбілі яго барабан і адабралі ў яго шаблю. Трэці быў забіты на вуліцы Грэн’е-Сен-Лазар.

Паўстанне з цэнтра Парыжа зрабіла род недаступнай іспалінскай звілістай цытадэлі. Там быў ачаг руху, там, відавочна, і сканцэнтроўвалася ўся справа; астатняе-ж было не больш, як дробныя сутычкі. Паколькі ў цэнтры яшчэ не біліся, то можна было зразумець, што вырашэнне пытання падрыхтоўвалася іменна там.