Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/403

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ХХХІ

НАВАЛЬНІЦА

З чаго складаецца паўстанне? З нічога і з усяго. Паўстанне ўзнікае з паступова накопленай электрычнасці, з раптоўна ўспалыхнуўшага полымя, з брадзячай сілы, з мімалётнага павеву. Гэты павеў сустракае палкія галовы, лятуценныя мазгі, пакутуючыя душы, палкія страсці, выючую галечу і ўсё гэта цягне за сабою.

Куды цягне? Насуперак дэспатызму, насуперак законам панавання шчаслівых і нагласці нямногіх багацеяў.

Абураныя погляды, засмучоныя энтузіязмы, палкія абурэнні, падаўленыя ваяўнічыя інстынкты, усхваляваная храбрасць юнакоў, асляпленні велікадушша, цікаўнасці, схільнасць да перамен, прагнасць нечаканасцей, тое пачуццё, дзякуючы якому любяць чытаць афішу новага відовішча і чуць у тэатры свісток машыніста, нянавісць, жаданне палічыцца з кім-небудзь, расчараванне, ганарыстасць, якая лічыць сябе абойдзенай лёсам, няўдачы, разбітыя надзеі, чэсталюбствы, абкружаныя недаступнымі кручамі перашкод, надзея знайсці сабе выхад пры агульным крушэнні, нарэшце, у самай глыбіні чэрнь, гэты гаручы бруд, — вось састаўныя часткі народнага паўстання.

Усё, што ёсць самае ўзвышанае і самае нізкае: істоты, выкінутыя за грамадскі борт існавання і чакаючыя выпадку зноў стаць на цвёрдую нагу, вандроўцы, людзі адпетыя, брадзягі скрыжаванняў дарог, усе тыя, якія спяць ноччу ў пустках, не маючы над сабою іншага даху, апрача воблачнага неба, усе тыя, хто штодзённа чакае свой хлеб ад выпадку, а не ад працы, усе, хто належыць да арміі жабрацтва, усе босыя і абадраныя — усе гэтыя людзі схільны да паўстання, і варта толькі яму дзе-небудзь успалыхнуць, як кожны з іх, хто носіць у душы патаемныя абурэнні на злачынствы ўлады, на язвы соцыяльнага арганізма або проста на лёс бедняка, блізкі да паўстання.

Паўстанне — гэта свайго рода смерч у соцыяльнай атмасферы, які пры пэўных умовах тэмпературы хутка ўтвараецца і ў сваім кругаваротным руху падымаецца, бяжыць, грыміць, ірве, душыць, разбурае, выварочвае карэнні, цягне за сабою і вялікія натуры і самыя нікчэмныя, і дужага чалавека і слабы розум, драўляны ствол і былінку.

Гора і таму, каго гэты смерч цягне з сабою, і таму, на каго ён налятае.

Ён надае тым, якіх ахапляе, нейкую асаблівую сілу. Ён