Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/402

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

З надыходам вечара, роўна ў дзевяць гадзін, як абяцаў Казеце, ён быў на вуліцы Плюме. Калі ён падышоў да рашоткі, ён усё забыў. Сорак восем гадзін ужо не бачыў ён Казету, і вось зараз ён яе ўбачыць. Усё астатняе сцерлася ў яго памяці, і ён адчуваў глыбокую і невытлумачальную радасць.

Марыус пралез цераз рашотку і ўвайшоў у сад. Казеты не было на яе звычайным месцы. Ён перайшоў пляцоўку і падышоў да ганка.

— Яна мяне чакае там, — сказаў ён сабе.

Казеты і там не было. Ён узняў галаву і ўбачыў, што ўсе акяніцы ў доме зачынены. Ён абышоў увесь сад — усюды пуста. Тады ён вярнуўся да дома і, звар’яцеўшы ад кахання, страціўшы галаву ад гора і трывогі, як гаспадар, які вярнуўся дадому ў нядобры час, пачаў стукацца. Ён стукаў, стукаў без канца, рыскуючы спаткацца з суровым тварам бацькі Казеты, які мог запытаць у яго:

— Чаго вам трэба?

Але ўсё гэта было глупства. Нарэшце, ён пачаў гучна клікаць Казету.

— Казета! — крычаў ён. — Казета!

Ніхто не адказваў. Усё скончана. Нікога ні ў садзе, ні ў доме.

Марыус у роспачы накіраваў позірк на гэты пануры дом, цёмны і маўклівы, як магіла. Ён зірнуў на каменную лаўку, дзе перажыў столькі шчаслівых гадзін поруч з Казетай. Потым сеў на прыступкі ганка з сэрцам, поўным пяшчоты і рашучасці, благаславіў у глыбіны душы сваё каханне і сказаў сабе, што паколькі Казета паехала, яму астаецца толькі памерці.

Раптам ён пачуў голас, які даносіўся з вуліцы і крычаў праз дрэвы:

— Пан Марыус!

Ён выпрастаўся.

— Што гэта? — сказаў ён.

— Пан Марыус, ці вы тут?

— Так.

Ідзіце, прыяцелі вашы чакаюць вас на барыкадах на вуліцы Шанврэры.

Гэты голас быў яму часткова знаёмы. Ён нагадваў хрыплы і грубы голас Эпаніны. Марыус падбег да рашоткі, выхапіў драціны, прасунуў галаву і ўбачыў нейкага маладога чалавека, знікшага праз хвіліну ў вячэрнім змроку.