Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/401

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

галаву. Ён разгарнуў запіску і прачытаў у ёй адно толькі слова, напісанае алоўкам вялікімі літарамі: „Пераязджайце!“

Жан Вальжан хутка ўстаў на ногі. Каля яго нікога не было. Ён азірнуўся вакол і заўважыў воддаль адыходзячую постаць, як відаць хлопчыка, апранутага ў шэрую блузу і плісавыя штаны, які пералез цераз агарожу і схаваўся ў канаве, што абкружала Марсава поле.

Жан Вальжан адразу-ж у глыбокім размышленні вярнуўся дадому.

Марыус пакінуў пана Жыльнармана ў поўнай роспачы. Ён прышоў да яго з малюсенькай надзеяй; ён вышаў у бязмежным горы.

Ён пусціўся брадзіць па вуліцах без думак і без мэты. У дзве гадзіны ночы ён вярнуўся да Курфейрака і кінуўся, не распранаючыся, на свой матрац. Ужо пачаўся дзень, калі ён, нарэшце, заснуў цяжкім сном. Калі ён прачнуўся, у пакоі знаходзілася яшчэ некалькі прыяцеляў, ужо апранутых і гатовых выйсці з дома. Курфейрак запытаў у яго:

— Ці пойдзеш на пахаванне генерала Ламарка[1]?

Марыусу здалося, што Курфейрак гаворыць па-кітайску.

Ён вышаў праз некалькі часу пасля за ім, захапіўшы з сабою два пісталеты, якія Жавер тады даў яму і якія так і асталіся неразраджаныя. Ён не мог-бы вытлумачыць, нашто яны яму спатрэбіліся.

Увесь дзень прахадзіў ён, сам не ведаючы дзе.

У гэты дзень накрапваў дождж, але ён не заўважаў гэтага. Па дарозе недзе ён купіў сабе булку, паклаў яе ў кішэню і забыў пра яе. Здаецца, ён нават несвядома пакупаўся ў Сене. Бываюць хвіліны, калі ў чалавека пад чэрапам сапраўднае пекла: Марыус знаходзіўся ў гэтым стане. Ён больш ні на што не спадзяваўся, нічога не баяўся. Ён з ліхарадкавай нецярплівасцю чакаў вечара — у дзевяць гадзін ён убачыць Казету. У гэтым апошнім шчасці было цяпер усё яго будучае; за ім — цемра. Часам, бродзячы па пустынных бульварах, яму здавалася, што ён чуе шум з боку горада. Тады ён выходзіў з сваёй задуменнасці і гаварыў:

— Няўжо б’юцца?

  1. Ламарк (Максіміліян, 1770 — 1832) — французскі генерал, аўтар выдатных мемуараў. З 1828 г., будучы абраны ў палату дэпутатаў, стаў у рэзкую апазіцыю каралеўскай уладзе. Пахаванне Ламарка 5 чэрвеня 1832 г. было скарыстана французскімі рэволюцыйнымі арганізацыямі як повад да паўстання.