Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/40

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

угледжана законам і павялічвае кару яшчэ на пяць год, прычым два гады злачынец носіць падвойныя кандалы. Усяго трынаццаць год. На дзесятым годзе зноў чарга, ён зноў уцёк, і зноў няўдача. Надбаўка тры гады. Разам шаснаццаць год. Нарэшце, гэта было, здаецца, у канцы трынаццатага года, ён паспрабаваў уцякаць у апошні раз, але быў злоўлены пасля чатырохгадзіннай адсутнасці. За гэтыя чатыры гадзіны яму яшчэ падбавілі тры гады. Дзевятнаццаць год. У кастрычніку 1815 года ён быў вызвалены. Ён папаў у турму ў 1796 годзе за тое, што разбіў шкляную шыбу і сцягнуў хлеб.

Жан Вальжан увайшоў у турму з жахам і рыданнем. Ён вышаў адтуль бесстрасным. Ён увайшоў туды з роспачы, вышаў пануры. Што адбылося з гэтай душой?

Паспрабуем вытлумачыць гэта.

ІX

ГЛЫБІНЯ РОСПАЧЫ

Гэта быў, як мы ўжо казалі, чалавек цёмны, але не дурны. У ім свяцілася іскра прыроднага розуму. Няшчасце, якое ёсць свайго роду прасвятленне, раздзьмула гэтую іскру, што цяплілася ў яго душы. Пад палачнымі ўдарамі, пад цяжарам ланцугоў, у турме, знемагаючыся ад працы, пад пякучым сонцам ссылкі, на цвёрдай пасцелі катаржніка ён пагрузіўся ў самога сябе і аддаўся марам. Ён стварыў сабе ў глыбіні свайго сумлення ўласны суд і прадстаў перад ім як абвінавачваемы. Ён зразумеў, што пакараны не дарэмна. Ён прызнаўся, што зрабіў гвалтоўны і ганебны учынак. Магчыма, калі-б ён проста папрасіў хлеба, яму-б у ім не адмовілі; ва ўсякім выпадку, трэба было-б дачакацца міласціны або работы. Па сутнасці, не часта здараецца, каб паміралі з голаду ў літаральным сэнсе слова. Да таго-ж, на шчасце ці на няшчасце, чалавек так створаны, што можа многа і доўга мучыцца маральна і фізічна, усё астаючыся жывым; трэба было мець цярпенне. Гэта было-б нават лепш для маленькіх дзяцей, і ён, няшчасны, зрабіў страшэннае глупства, думаючы пазбавіцца ад галечы шляхам крадзяжу, ва ўсякім выпадку, дрэнны выхад з галечы — дзверы, якія вядуць да ганьбы. Ён прызнаўся, што быў вінаваты.

Потым ён запытаў у сябе: ці ён адзін вінаваты ў гэтай злашчаснай гісторыі? Хіба не жахліва перш за ўсё тое, што ён, рабочы, нё меў работы, ён, такі працавіты, не меў