Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/39

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ліваўся горкімі слязмі, якія душылі яго, так што не мог вымавіць ні слова, і толькі часам вырываліся ў яго выкрыкі: „Я быў чысцільшчыкам дрэў у Фаверолі". Потым, не перастаючы рыдаць, ён сем разоў падняў сваю правую руку, нібы дакранаючыся сямі невідочных галовак, і толькі па гэтым жэсце можна было здагадацца, што тое, што ён зрабіў, мела на мэце накарміць і сагрэць семярых маленькіх дзяцей.

Яго адправілі ў Тулон. Ён прыбыў туды праз дваццаць сем дзён на возе, з ланцугом на шыі. У Тулоне яго пераапранулі ў чырвоную куртку. Усё мінулае яго знікла; нават самае імя было забыта. Ён не называўся больш Жан Вальжан, а „нумар 24601". Што сталася з яго сястрой? Што сталася з дзецьмі? Каму да гэтага была якая справа! Куды дзяюцца лісці высечанага пад корань дрэва? Сам Жан Вальжан забыў пра іх праз некалькі год. У сэрцы, дзе была рана, зрабіўся рубец. Вось і ўсё. Раз толькі за ўвесь час свайго знаходжання ў Тулоне да Жана мяльком дайшлі чуткі пра яго сястру. Гэта было ў канцы чацвертага года яго зняволення. Загаварылі тады, што яна пайшла ў Парыж. Той, хто яе бачыў, застаў пры ёй адно толькі дзіця, самае малодшае, якому было тады год сем. Куды падзеліся астатнія шэсць — невядома. Яна працавала ў якойсьці друкарні, дзе складвала аркушы паперы, і жыла ў страшэннай беднасці. Гэта была апошяяя вестка, атрыманая Жанам. З таго часу ён ніколі нічога не чуў пра яе, і на працягу ўсёй гэтай сумнай драмы чытач не сустрэне яе больш на старонках гэтай кнігі.

У канцы чацвертага года падышла чарга Жана Вальжана ўцякаць з турмы. Таварышы дапамаглі яму, як гэта заўсёды робіцца ў гэтых сумных месцах. Ён уцёк. Два дні блукаў ён на волі ў палях, калі можна назваць воляй становішча зацкаванага звера, штохвіліннае азіранне, дрыжанне ад малейшага шуму, страх перад усім: перад страхой жылля, перад прахожым, перад сабачым брэхам, скачучым канём, перад боем гадзінніка, перад надыходзячым днём, таму што светла, перад надыходзячай ноччу, таму што цёмна, боязнь вялікай дарогі, сцежкі, хмызняку, нават сну. Увечары на другі дзень яго злавілі. Трыццаць шэсць гадзін ён не еў і не спаў. Марскі суд за гэтае злачынства прыгаварыў яго яшчэ да трох год катаргі, што склала, такім чынам, восем год. На шосты год зняволення зноў прышла яго чарга ўцякаць. Ён скарыстаў яе, але зноў беспаспяхова. Яго не аказалася на пераклічцы. Далі сігнал з пушкі, і ноччу абход знайшоў яго — ён схаваўся перад кармою будуемага карабля. Ён супраціўляўся стражы. Уцёкі і бунт. Гэта прад-