Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/36

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

яна складалася з самых простых страў, але на гэты раз пані Маглуар дадала да яе бутэльку старога віна.

Твар епіскапа прыняў раптам выражэнне вясёласці, уласцівае гасцінным натурам.

— Хутчэй за стол! — праказаў ён.

Як і заўсёды, калі ў яго быў ужо хто-небудзь з гасцей, ён пасадзіў яго з правага боку ад сябе. Мадэмуазель Батыстын села злева.

Епіскап благаславіў трапезу і, як звычайна, уласнаручна пачаў усім наліваць суп. Прышоўшы пачаў прагна есці.

Раптам епіскап ускрыкнуў:

— Мне здаецца, што на стале чагосьці нехапае!

Пані Маглуар падала толькі тры прыборы, У епіскапа-ж быў звычай, калі бываў хто-небудзь з гасцей, выкладваць на стол усе шэсць срэбных прыбораў. Гэта было нявіннае самахвальства, поўнае чароўнасці ў гэтым доме, строгім і ціхамірным у адзін і той-жа час, дзе беднасць лічылася за гонар.

Пані Маглуар вышла, не гаворачы ні слова, і праз хвіліну перад кожным з сядзеўшых за сталом на белым абрусе ярка вырысоўвалася ззяючае пры агні срэбра.

Пасля вячэры епіскап развітаўся з сваёй сястрой, узяў са стала абодва запаленыя падсвечнікі, даў адзін свайму госцю і сказаў:

— Міласцівы судар, я праводжу вас у ваш пакой.

Жан Вальжан пайшоў за ім.

Як вядома ўжо, для таго, каб папасці ў малельню, трэба было прайсці праз спальню епіскапа.

У тую хвіліну, як яны праходзілі праз пакой, пані Маглуар прыбірала срэбра ў шафачку над узгалоўем епіскапа. Гэта быў яе апошні гаспадарчы клопат перад тым, як ісці спаць.

Епіскап змясціў свайго госця ў малельні. Там была падрыхтавана чыстая і свежая пасцель. Госць паставіў падсвечнік на стол.

— Ну, добрай ночы, — сказаў епіскап. — Заўтра раніцою, да адыходу, вы вып'еце шклянку сырадою ад нашых кароў.

— Дзякую, бацюшка, — адказаў госць.

Ледзь ён вымавіў гэтыя простыя, поўныя спакою словы, як ва ўсёй яго істоце раптам штосьці нібы перавярнулася. Нечакана ён зрабіў нейкі дзіўны жэст, які навёў-бы жах на абодвух жанчын, калі-б яны маглі яго бачыць. І цяпер нават нам цяжка было-б вытлумачыць, што прымусіла яго так тузануцца. Ці то была перасцярога ці пагроза? Ці ён падпарадкоўваўся якомусьці інстынктыўнаму, бессвядомаму