Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Кожны раз, калі епіскап сваім ласкавым і спакойным голасам вымаўляў „міласцівы судар“, твар Вальжана запаляўся, Гэтыя словы для катаржніка тое-ж самае, што шклянка вады для паміраючага ад смагі. Глыбокая знявага патрабуе павагі.

— Як цмяна гарыць гэтая лямпа, — заўважыў епіскап.

Пані Маглуар зразумела намёк, пайшла ў спальню, прынесла адтуль з каміна срэбныя падсвечнікі з васковымі свечкамі, запаліла іх і паставіла на стол.

— Вы вельмі добры, бацюшка, — пачаў Жан Вальжан. — Вы не пагарджаеце мной. Вы прымаеце мяне ў сваім доме. Вы запальваеце для мяне свечкі. А я, між тым, нічога не ўтаіў ад вас, расказаў вам, які я няшчасны чалавек.

Епіскап ціха крануў яго за руку.

— Вы маглі-б і не гаварыць мне, хто вы такі, — сказаў ён. — Тут не пытаюць у зайшоўшага, як яго завуць, а пытаюць, ці не пакутуе ён. Вы пакутуеце, вас мучыць голад і смага, — будзьце жаданым гасцём. Не дзякуйце мне і не гаварыце, што вы ў маім доме. Тут ніхто не дома, апрача таго, хто мае патрэбу ў прытулку. Вам, выпадковаму прахожаму, я кажу, што вы тут у сябе больш, чым я сам. Усё, што тут — ваша. Нашто мне ведаць ваша імя? Апрача таго, яшчэ датуль, як вы мне назвалі сябе, я ўжо ведаў яго.

Госць шырока расплюшчыў вочы ад здзіўлення.

— Сапраўды? — ускрыкнуў ён.

— Так, — адказваў епіскап: — вас завуць братам.

— Ведаеце, бацюшка, — ускрыкнуў Вальжан, — я быў вельмі галодны, зайшоўшы да вас, але вы такі добры, што мне нават есці болей не хочацца, усё прайшло!

Епіскап паглядзеў на яго і сказаў:

— Вы многа пакутвалі?

— О, — ускрыкнуў Жан Вальжан, — гэтая чырвоная куртка, ядро, прывязанае да ног, дошка замест пасцелі, спякота, холад, праца, катарга, палачныя ўдары, падвойныя кандалы з-за малейшага глупства, карцар за ўсякая дробязнае слова, ланцугі, нават хворым у пасцелі... О! сабакі, сабакі і тыя шчаслівейшыя! Дзевятнаццаць год. Мне цяпер сорак шэсць. І ўрэшце жоўты білет. Вось.

— Так, — заўважыў епіскап, — вы вышлі з юдалі пакуты. Паслухайце. Калі вы вышлі з пакут з думкамі нянавісці і гневу супроць людзей, вы варты глыбокага жалю. Калі-ж вы прынеслі пачуццё даравання, міру і лагоднасці, вы вышэй шмат каго з нас.

Між тым, пані Маглуар падала вячэру. Як звычайна,