Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/37

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

пабуджэнню, не яснаму для яго самаго? Ён раптам павярнуўся да старога, скрыжаваў рукі і, утаропіўшыся на яго дзікімі вачыма, ускрыкнуў хрыплым голасам:

— Дык вы катэгарычна пакідаеце мяне ў сябе і нават кладзеце спаць, амаль побач з сабой?

Але раптам перапыніў сябе і дадаў з усмешкай, у якой было штосьці страшэннае:

— Ці падумалі вы як след пра ўсё? Скуль вы ведаеце, што я не забойца?

— Гэта датычыць госпада бога, — адказаў епіскап.

Потым строга, шэпчучы штосьці губамі, як чалавек, які чытае пра сябе малітвы або гаворыць сам з сабой, ён падняў два пальцы правай рукі і благаславіў стаяўшага перад ім чалавека, які нават не схіліў галавы. Потым, не азіраючыся, ціха прайшоў у свой пакой. Праходзячы міма аналоя, ён стаў на калені і прачытаў кароткую малітву.

Што датычыць гасця, то ён, відавочна, быў такі стомлены, што не скарыстаў нават чыстай бялізны на сваёй пасцелі. Ён наздрой задуў свечку, як гэта робяць катаржнікі, і, не распранаючыся, кінуўся на ложак, дзе адразу-ж заснуў моцным сном.

Каля паловы ночы Жак Вальжан прачнуўся.

VІІІ

ЖАН ВАЛЬЖАН

Праз некалькі хвілін усё спала ў маленькім доміку.

Жан Вальжан паходзіў з беднай сялянскай сям'і. У дзіцячыя гады яго грамаце не вучылі. Калі ён стаў дарослым, ён зрабіўся чысцільшчыкам садовых дрэў у Фаверолі.

Жан Вальжан быў задумлівага, але не панурага характару, што з'яўляецца асаблівасцю прывязлівых натур.

Наогул, гэта быў чалавек апатычны і нязначны, прынамсі, з выгляду.

Бацьку і маці ён страціў у вельмі раннім узросце. Маці памерла ад малочнай ліхарадкі; бацька-ж, які таксама быў чысцільшчыкам дрэў, забіўся да смерці, зваліўшыся з дрэва ў якімсьці садзе. З усёй сям'і Жана Вальжана засталася адна толькі сястра, шмат старэйшая за яго, удава з сям'ю дзяцьмі, хлопчыкамі і дзяўчынкамі. Гэта сястра выхавала Жана і, пакуль муж яе быў жывы, малодшы брат быў на яе ўтрыманні. Але муж памёр. Старэйшаму з дзяцей было восем гадоў, а самаму малодшаму — год. Жану Вальжану ішоў у гэты час дваццаць пяты год. Ён замяніў дзецям