Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/352

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

XXV

ГАЎРОШ

З 1823 года харчэўня Тэнард’е пачала пакрыху паглынацца процьмаю ўсялякіх нягод і банкроцтваў. Маленькія даўгі разрасталіся, буйныя павялічваліся ад нарастаўшых процантаў, а ў пані Тэнард’е радзіліся яшчэ два хлопчыкі. Такім чынам, у іх цяпер было пяцёра дзяцей — дзве дзяўчынкі і тры хлопчыкі. Гэта было ўжо занадта.

Жонка Тэнард’е з пачуццём асаблівай радасці пазбавілася ад гэтых двух хлопчыкаў, зусім яшчэ маленькіх. У гэтай страшнай жанчыне натуральныя пачуцці мацярынства і сваяцтва даўным-даўно замерлі і перарадзіліся ў сваю процілегласць. У жонкі Тэнард’е пачуццё маці распасціралася толькі на дачок. Як толькі гутарка ішла пра хлопчыкаў, хоць-бы гэта былі яе ўласныя сыны, у яе ў душы спараджалася пачуццё звярынай нянавісці. І вось здарылася так, што двух сваіх сыноў пані Тэнард’е аддала ў рукі Мальён. Абедзве яе дачкі і Гаўрош ледзь паспелі заўважыць, што ў іх былі два маленькіх браты.

— А што, калі паліцыя пачне праследаваць нас, Тэнард’е? — запытала аднойчы жонка ў шынкара, пасля таго як пазбавілася двух хлопчыкаў, — хіба тое, што мы зрабілі, дазволена законам?

— Усё дазволена, — сказаў сам Тэнард’е. — Дзеці, у якіх няма ні граша за душой, не заслугоўваюць ніякага інтарэсу паліцыі?

Мальён, якая прыняла двух хлопчыкаў, была ў сваім злачынным асяроддзі франціхай. Яна добра апраналася, мела адну агульную кватэру з англійскай зладзейкай, якая афранцузілася ў Парыжы. Хлопчыкі Тэнард’е спачатку не мелі падстаў скардзіцца. Дзяцей шанавалі і кармілі, абыходзіліся амаль таксама, як абыходзяцца з чужымі выхаванцамі, якія знаходзяцца пад чыім-небудзь наглядам. Але раптам выпадковасць выкінула гэтых хлопчыкаў у вір жыцця, і яны вымушаны былі круціцца на паверхні жыццёвага патока.

У Парыжы зроблены быў аднойчы арышт велізарнай колькасці зладзеяў, і гэты арышт быў звязаны з прытонам пана Жандрэта, які, як мы ведаем, быў ні хто іншы, як сам Тэнард’е. Катастрофа, якая выбухнула над панам Тэнард’е, выклікала катастрофу для франціхі Мальён. Яна была таксама арыштавана паліцыяй.