Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/351

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

тое, што я паклаў на гэтую лаўку? Ці пазнаеце вы мяне хоць крыху? Не бойцеся мяне. Ці памятаеце, як вы зірнулі на мяне ў першы раз? Гэта было каля года назад. Даўно ўжо я не бачыў вас. Я распытваў усюды, дзе мог, але ўсё было дарэмна: вы зніклі для мяне зусім. І вось, нарэшце, я знайшоў вас. Я прыходжу сюды кожную ноч. Не бойцеся, мяне ніхто не бачыць. Я паціхеньку хаджу тут, каб не напалохаць вас. Аднойчы зусім блізка падышоў да вас, але вы абярнуліся, і я ўцёк. Другі раз я чуў, як вы спявалі. Я быў шчаслівы. Хіба гэта перашкаджае каму-небудзь? Вам таксама ад гэтага нічога дрэннага не зробіцца. Ці праўда? Вы — мой ангел. Дайце мне падыйсці да вас, іначай я памру. Калі-б вы ведалі!.. Я вас абажаю. Выбачайце, я, магчыма, абражу вас тым, што я гавару, але я сам не ведаю, што са мною робіцца.

— О, мама! — прашаптала яна і захісталася.

Ён схапіў яе ў абдымкі, моцна прыціскаючы да сваіх грудзей. Ён сам ледзь стаяў на нагах. Галава яго палала, думкі пераблыталіся. Ён быў як у чадзе.

Яна ўзяла яго руку і прыціснула да грудзей.

— Дык вы мяне кахаеце? — ускрыкнуў ён.

— Маўчы, ты гэта ведаеш, — прашаптала яна ледзь чутна і схавала галоўку на яго грудзях.

Яны селі на лаўку. Яны не маглі вымавіць ні слова. На небе пачалі загарацца зоркі. Невядома як, губы іх спаткаліся.

Яны не адчувалі ні начнога халадку, ні вільгаці, яны толькі глядзелі ў вочы адзін аднаму. Самі таго не заўважаючы, яны ўзяліся за рукі. Часам Казета штосьці шаптала. Душа яе трапятала на яе вуснах, як кропля расы на кветцы.

Нарэшце, яны загаварылі. Ноч, ясная і цудоўная, рассцілалася над іх галовамі. Гэтыя дзве чыстыя істоты вылівалі адна адной свае мары, захапленні, радасць, лятуценні як яны абажалі здалёк адзін аднаго, як былі ў роспачы, калі разлучыліся; яны расказвалі адзін аднаму ўсё, што каханне, юнацтва і рэшткі дзяцінства падказалі ім. Гэтыя два сэрцы ўліліся адно ў другое. Яны былі ачараваны, аслеплены.

Калі яны скончылі, калі яны выказалі ўсё, што накапілася за гэты час, яна схіліла галоўку на яго плячо і запытала:

— Як вас завуць?

— Мяне завуць Марыус. А вас?

— Мяне — Казета.