Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/353

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Абодва хлопчыкі, што жылі ў Мальён за яе родных дзяцей, гулялі на дварэ і не ведалі нічога пра тое, што рабілася ў доме ў час паліцэйскага налёту.

Вось тады шавец, які жыў супроць кватэры Мальён, паклікаў хлопчыкаў, што вярнуліся пасля гульні на дварэ ў кватэру той жанчыны, якую яны па выпадковасці называлі маткаю, і, даўшы ім запіску, сказаў: „Хлопчыкі, ідзіце на вуліцу Руа дэ-Сесіль, там знойдзеце дом нумар восем і запытаеце пана Барж“. Калі хлопчыкі з неўразуменнем узнялі бровы, шавец сказаў: „Ну, добра, вы-ж тут больш не жывяце. Ідзіце па гэтаму адрасу. Гэта вельмі блізка: першая вуліца налева. Запытвайце дарогу па гэтай паперцы“.

Дзеці адправіліся, самі не ведаючы куды. Старэйшы вёў за руку малодшага, трымаючы ў вольнай руцэ паперку, якая павінна была дапамагчы ім знайсці іх новае жыллё. Хлопчык змерз, і яго скалелыя пальцы дрэнна трымалі паперку. На павароце вуліцы парыў ветру вырваў у яго паперку і знёс яе, а паколькі ўжо зрабілася зусім цёмна, то хлопчык і не мог адшукаць запіску. Скончылася тым, што хлопчыкі пачалі брадзіць наўдачу па вуліцах.

Вясною ў Парыжы часта дуюць рэзкія, пранізваючыя наскрозь вятры, здольныя замарозіць дрэнна апранутыя жывыя істоты. Гэтыя вятры, якія псуюць самыя ясныя веснавыя дні, робяць уражанне халоднага зімняга паветра, што ўрываецца ў добра напалены пакой праз шчыліны аконных рам або дрэнна зачыненыя дзверы, нібы адыйшоўшая зіма пакінула за сабою дзверы адчыненымі і з іх нясе холадам.

Вясною 1832 года, калі ў Еўропе разразілася самая страшэнная эпідэмія бягучага века, гэтыя вятры былі асабліва рэзкія і няшчадныя.

З метэаралагічнага пункту гледжання гэтыя халодныя вятры мелі тую асаблівасць, што яны не выключалі моцнага электрычнага напружання. Адна за адною разражаліся страшэнныя навальніцы, якія наводзілі жах на ўсё жывое.

Аднойчы ўвечары, калі ледзяны вецер дзьмуў з такою сілаю, нібы вярнуўся студзень, і грамадзяне зноў апранулі свае цёплыя плашчы, маленькі Гаўрош, корчачыся ў сваіх лахманах, стаяў перад акном цырульні ў ваколіцах Л’орм-Сен-Жэрве і прыкідаўся, што замёр у радасным сузіранні васковай нявесты, якая ў шлюбным убранні, з памеранцавым вянком на галаве, круцілася ў ярка асветленым акне, паказваючы прахожым то спіну, то з вечнай усмешкай твар.

У сапраўднасці Гаўрош зацікавіўся гэтай фігурай толькі як повадам, каб, не выклікаючы падазрэнняў, назіраць за тым, што рабілася ў самой цырульні. Ён шукаў выпадку